У Менску адкрылася аддзяленне пасольства Нідэрляндаў
Офіс Пасольства Нідэрляндаў урачыста адкрылі ў Менску.
Пасля афіцыйнай цырымоніі генеральны сакратар Міністэрства замежных спраў Нідэрляндаў спадарыня Ёхана Брант, нягледзячы на шчыльны графік, сустрэлася з незалежнымі беларускімі журналістамі.
Адкрыццё Офісу Пасольства Нідэрляндаў з’яўляецца важным крокам на шляху паглыблення супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі, кажа спадарыня Брант.
– Для нас сённяшняе адкрыцё офісу – гэта крок у развіцці двухбаковых стасункаў. Таму што пастаяннае знаходжанне тут дазволіць нам лепш даведацца, што адбываецца ў гэтай краіне і лепш узаемадзейнічаць з нашымі калегамі тут.
Для нас Беларусь – вельмі важны партнёр, таму што яна знаходзіцца ў суседстве з Еўразвязам. Таксама мы рады, што Беларусь узяла на сябе ролю ў арганізацыі Менскага дыялогу.
Мы будзем узаемадзейнічаць не толькі з беларускімі ўладамі, але і з грамадзянскай супольнасцю, прадстаўнікамі бізнесу, а таксама ўсталёўваць кантакты з людзьмі непасрэдна.
Аддзяленне пасольства Нідэрляндаў размяшчаецца на вуліцы Мяснікова, 70.
Адкрыццё Офісу Пасольства Нідэрляндаў супала з 20-годдзем усталявання дыпламатычных стасункаў паміж Нідэрляндамі і Беларуссю. На ўрачыстай цырымоніі з гэтай нагоды прысутнічаў таксама міністр замежных спраў Беларусі Ўладзімір Макей.
Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота news24.by