У Менску адкрыты новы офіс пасольства Аўстрыі
Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства Уладзімір Макей і федэральны міністр па пытаннях Еўропы, інтэграцыі і замежных спраў Аўстрыі Карын Кнайсль 15 студзеня ўрачыста адкрылі новы офіс пасольства Аўстрыі ў Беларусі.
„Беларусь вельмі зацікаўлена ў развіцці цесных адносін з Аўстрыяй, – сказаў Уладзімір Макей. – Мы сапраўды разглядаем Аўстрыю як важнага партнёра ў палітыцы, эканоміцы і іншых сферах”.
Кіраўнік беларускага МЗС падзякаваў аўстрыйскаму боку за гатоўнасць і далей паглыбляць адносіны з Беларуссю. Ён адзначыў важнасць адкрыцця новага офіса пасольства, у якім будзе размешчана і эканамічнае прадстаўніцтва Аўстрыі. „Любы пераезд – гэта асаблівая падзея, звязаная з новымі надзеямі і новым этапам жыцця. Думаю, што ў дадзеным выпадку пераезд таксама звязаны з новымі чаканнямі ў развіцці адносін паміж нашымі дзвюма дзяржавамі”, – дадаў Уладзімір Макей.
Ён пажадаў аўстрыйскім дыпламатам паспяховай работы і рэалізацыі новых ідэй, накіраваных на пашырэнне адносінаў з Беларуссю.
У сваю чаргу Катрын Кнайсль адзначыла, што рада ўдзельнічаць ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця офіса пасольства Аўстрыі ў Беларусі. Яна цёпла вітала ганаровага консула Аўстрыі ў Беларусі Сяргея Касцючэнку, пасла Румыніі ў Беларусі Віарэла Машану (у сувязі са старшынствам Румыніі ў ЕЗ) і дуайена дыпкорпуса Палестыны ў Беларусі Халеда Арыката. У цырымоніі таксама прыняла ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Аўстрыі Алена Купчына.
Высокая аўстрыйская госця нагадала, што амбасада Аўстрыі адкрылася ў Менску ў 2016 годзе. З тых часоў двухбаковыя адносіны атрымалі новы імпульс развіцця. Катрын Кнайсль выказала ўпэўненасць, што пасольства будзе садзейнічаць далейшаму ўмацаванню ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Аўстрыяй.