У Менску аднавіўся суд над Віктарам Бабарыкам
Пасяджэнне пачалося ў судзе Маскоўскага раёна ў 10 гадзін, працэс адкрыты, але трапіць на яго не ўдалося ні незалежнай прэсе, ні многім з тых, хто хацеў падтрымаць Віктара Бабарыку.
У прыватнасці, сябра каманды Бабарыкі, палітзняволены Лявон Халатран, якому прысудзілі 2 гады «хіміі», трапіць на працэс не змог — нібыта скончыліся месцы.
Па «справе Белгазпрамбанка» праходзяць восем фігурантаў. Віктар Бабарыка абвінавачваецца ў «адмыванні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (арт. 235 ч. 2 КК, да сямі гадоў пазбаўлення волі), і атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры (арт. 430 ч. 3 КК, да 15 гадоў пазбаўлення волі). Аляксей Задойка (былы першы намеснік старшыні праўлення Белгазпрамбанка), Кірыл Бадзей (в. а. Старшыні праўлення Белгазпрамбанка пасля сыходу Бабарыкі), Сяргей Шабан (намеснік старшыні праўлення Белгазпрамбанка), Дзмітрый Кузьміч (намеснік старшыні праўлення банка), Аляксандр Ільясюк (намеснік старшыні праўлення банка), Сяргей Дабралет (былы намеснік старшыні праўлення банка) абвінавачваюцца ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры. Віктар Кабяк (заснавальнік кампаніі «Актыўлізінг») абвінавачваецца ў дачы хабару паўторна або ў буйным памеры.