Улады аштрафавалі абаронцаў Курапатаў (абноўлена)
Суд Менскага раёна аштрафаваў удзельніка абароны ўрочышча Курапаты Дзяніса Урбановіча на 30 базавых велічыняў (765 рублёў), паведаміў БелаПАН актывіст Іларыён Трусаў.
Рашэнне абвясціў суддзя Вадзім Казей. Урбановіча прызналі вінаватым у здзяйсненні правапарушэння на падставе артыкула 17.1 КоАП (дробнае хуліганства).
15 чэрвеня суд Менскага раёна аштрафаваў іншага ўдзельніка абароны Курапатаў, Рыгора Асаулу, на 20 базавых велічыняў (510 рублёў).
* * *
Суд Менскага раёна аштрафаваў удзельніка абароны ўрочышча Курапаты Рыгора Асаулу на 20 базавых велічынь (510 рублёў), паведаміў БелаПАН актывіст Іларыён Трусаў.
Асаулу прызналі вінаватым у здзяйсненні правапарушэнняў па артыкулах 17.1 (дробнае хуліганства) і 23.4 (непадпарадкаванне патрабаванню службовай асобы) КоАП. Рашэнне вынес суддзя Павел Жэчка.
Трусаў і Асаула былі затрыманыя 14 ліпеня. У дачыненні да Трусава, паводле яго слоў, складзены пратакол па артыкуле 17.1 КоАП. Актывіста абвінавачваюць у тым, што ён спыняў машыны і перашкаджаў працы рэстарана „Поедем поедим”. Падчас затрымання за Трусава заступіўся Асаула, у выніку чаго ён таксама быў затрыманы.
Чакаецца таксама суд над лідарам не зарэгістраванай у Беларусі арганізацыі „Малады фронт” Дзянісам Урбановічам. Ён быў затрыманы 13 ліпеня падчас дзяжурства каля рэстарана „Поедем поедим”.
4 ліпеня Урбановіч быў аштрафаваны на 80 базавых велічынь (2.040 рублёў) за акцыю ў Курапатах, падчас якой перад уездам у рэстаран актывісты паклалі бервяно і сталі ланцужком, трымаючыся за рукі.
* * *
У судзе Менскага раёна сёння разгледзяць справы затрыманых у мінулыя выхадныя абаронцаў Курапатаў Дзяніса Урбановіча і Рыгора Асаулы. Пра гэта БелаПАН паведаміў актывіст Іларыён Трусаў.
Лідар незарэгістраванай у Беларусі арганізацыі „Малады фронт” Дзяніс Урбановіч быў затрыманы міліцыяй 13 ліпеня ў час дзяжурства каля рэстарана „Паедзем паядзім”, а 14 ліпеня там жа затрымалі Асаулу і Трусава. Апошні пасля быў адпушчаны як непаўналетні.
На Трусава, паводле яго слоў, складзены пратакол на падставе артыкула 17.1 КоАП (дробнае хуліганства). Яго абвінавачваюць у тым, што ён спыняў машыны і перашкаджаў працы рэстарана. Падчас затрымання за яго заступіўся Рыгор Асаула, на яго склалі пратакол на падставе артыкула 23.4 (непадпарадкаванне патрабаванню службовай асобы). У дачыненні да Дзяніса Урбановіча быў складзены пратакол на падставе артыкула 17.1 КоАП (дробнае хуліганства).
4 ліпеня Урбановіч быў аштрафаваны на 2.040 рублёў за акцыю ў Курапатах, падчас якой перад уездам у рэстаран актывісты паклалі бервяно і сталі ланцужком, трымаючыся за рукі.
Рэстаран „Паедзем паядзім” размешчаны побач з урочышчам Курапаты — месцам масавага пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Пратэсты супраць працы рэстарана доўжацца з 31 мая мінулага года.
Падчас „Вялікай размовы з прэзідэнтам” 1 сакавіка гэтага года Аляксандр Лукашэнка заявіў пра адсутнасць падстаў для закрыцця рэстарана „Паедзем паядзім”. Няма нічога дрэннага ў тым, каб людзі пасля наведвання Курапатаў маглі зайсці ў рэстаран і памянуць загінулых, лічыць ён.
* * *
Лідара “Маладога Фронту” Дзяніса Урбановіча затрымалі падчас Варты памяці ў Курапатах і адвезлі ў Бараўлянскі РАУС.
На відэастрыме, які вёў актывіст курапацкай варты Іларыён Трусаў, бачна, як міліцыянты, якія спачатку патрабуюць праехаць у аддзел, падчас размовы пачынаюць інкрымінаваць Урбановічу “дробнае хуліганства”, пагражаючы фізічнай сілай і спецсродкамі, калі сам не сядзе ў міліцэйскую машыну.
Пазней у прыёмнай Бараўлянскага РУУС паведамілі, што Дзяніс Урбановіч затрыманы, і ў панядзелак над ім адбудзецца суд. Дзяніс Урбановіч на Курапацкай варце дзяжурыць практычна кожны дзень.
Беларускае Радыё Рацыя