У Менску будуць судзіць журналістку Дзіяну Серадзюк
У Менску сёння будуць судзіць журналістку «Новага Часу» Дзіяну Серадзюк за акцыю ў падтрымку Незалежнасці. Паўторна. На першым судзе міліцыянеры сведчылі, што бачылі журналістку сярод удзельнікаў акцыі. Больш таго, яны давалі ў судзе падпіску аб адказнасці за заведама ілжывыя паказанні.
Але аказалася, што Дзіяна Серадзюк мае сведкаў, якія пацвердзілі, што менавіта ў час, пазначаны ў пратаколе, яна была ў іншай частцы горада. Суд пратакол адправіў на дапрацоўку, у міліцыі яго перапісалі, маўляў, іх супрацоўнікі «трошкі памыліліся». У новым пратаколе – іншы час. Расказвае Дзіяна Серадзюк:
– Я бачыла гэты пратакол, там напісана, што я была ў парку Янкі Купалы 20 снежня ад 21 да 21.30. І нібыта ўдзельнічала ў акцыі і выкрыквала лозунгі. Я думаю, што я проста не буду сведчыць, бо мне ўжо хапіла першага паседжання. Я маю такое права, згодна з Канстытуцыяй, не сведчыць супраць сябе і проста не даваць паказанні.
Новы судовы працэс супраць журналісткі газеты „Новы Час” пройдзе ў судзе Першамайскага раёна Менска сёння аб 11.00. Калегі журналісткі па «Новым Часе» і Беларускай асацыяцыі журналістаў запрашаюць прыйсці ў суд і падтрымаць яе.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя