У Менску чакаюць візіта кіраўніка польскай дыпламатыі



Візіт кіраўніка Міністэрства замежных справаў Польшчы Вітольда Вашчыкоўскага ў Беларусь па-ранейшаму рыхтуецца.

e3163681-f391-4b19-811d-05269a0ce6e9 (2)

Але канкрэтную дату  польская амбасада назваць пакуль не можа. Гаворыць часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Міхал Хабрас:

– Гэтае пытанне сапраўды анансавалася. Магу пацвердзіць, што ідзе падрыхтоўка да візіту. Пакуль гэта ўся інфармацыя.

Час прыбыцця новага пасла Польшчы ў Менск таксама пакуль дакладна невядомы, – кажа Міхал Хабрас. Раней паведамлялася, што амбасаду ўзначаліць Конрад Паўлік. І менавіта ён зоймецца падрыхтоўкай візіта Вашчыкоўскага:

– Думаю, што як толькі будзе вядомы час прыбыцця пасла, мы праінфармуем.

Што тычыцца новага будынка амбасады Польшчы ў Менску, то тэндар на пабудову яшчэ не аб’яўляўся. Аднак ужо 1 сакавіка Польшча адкрые ў Беларусі 4 візавыя цэнтры: у Берасці (па адрасе вул. Маскоўская, 208A-1), у Гародні (вул. Горкага, 89), Гомелі (вул. Пушкіна, 2). У Менску візавы цэнтр спачатку адкрыецца на вуліцы Чыгуначнай, 33, а праз некалькі тыдняў пераедзе на пяты паверх гандлёвага цэнтру Galileo, што на вул.Бабруйскай, 6. Дакументы тут будуць прымаць адразу 50 вакенцаў.

Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота TVN24