У Менску адбылася чарговая акцыя пратэсту супраць інтэграцыі
Апазіцыя ў Менску правяла чарговую акцыю супраць паглыблення інтэграцыі з Расеяй. Яна прымеркаваная да сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў Санкт-Пецярбургу.
Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім прыйшла на мітынг у абарону незалежнасці ў Менску, каб чарговы раз нагадаць палітыкам, тым, хто забыўся і на Кастытуцыю, і на інтарэсы народу, што асноўная крыніца ўлады у Беларусі — гэта народ.
– І калі недзе некамі з палітыкаў у галаве пакруціцца не так, і яны забудуцца пра беларусаў, то народ мае права ім нагадаць пра гэта згодна са сваім канстытуцыйным абавязкам. Таму сёння мы ўсе тут, каб сказаць чарговы раз: можна палітыкам ладзіць якія заўгодна планы, але народ супраць таго, каб ліквідавалася Рэспубліка Беларусь, каб мы паўзлі на каленях, ці яшчэ нейкім чынам у чужую абсалютна не патрэбную нам краіну.
Па словах намесніка старшыні Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Юрася Беленькага, яго і яшчэ многія сотні людзей прывяло на плошчу пытанне незалежнасці краіны.
– Абарона будучыні беларусаў, пакаленняў, якія будуць жыць, абарона ад расейскага жаху, ад ганьбы, зноў апынуцца ў гэтай чалавеканенавісніцкай імперыі. Тут людзі, нягледзячы на тое, што іх запалохвалі па БТ і г.д., бачу, якія тут цудоўныя людзі. У асноўным моладзь. Я вельмі ўсцешаны гэтым, гэта сведчыць пра тое, што будучыня ў Беларусі сапраўды будзе незалежная, нармальная. А гэтая ўсходняя імперыя ўжо канае. Трэба проста спакойна рабіць сваю беларускую справу, прыйдзе час і ўсё стане на сваё месца. Жыве Беларусь!
Акцыя за Незалежнасць працягвалася ў Менску амаль тры з паловай гадзіны. Мітынгуючыя пачалі збірацца на Кастрычніцкай плошчы ў 18 гадзінаў. Потым прайшлі да плошчы Незалежнасці, дзе адбыўся працяглы мітынг, потым праз стары горад, праз вуліцу Зыбіцкую зноўку вярнуліся на Кастрычніцкую плошчу, дзе выстраіўся жывы ланцуг. Прыкладна ў 21. 20 мерапрыемства скончылася. Часам колькасць удзельнікаў дасягала прыкладна 2 тысячаў чалавек. Міліцыя шэсццю і мітынгу не перашкаджала.
***
Пасля непрацяглага мітынгу на Кастрычніцкай плошчы ўдзельнікі пратэсту ўтварылі ўздоўж праспекта Незалежнасці „ланцуг Незалежнасці”.
Галава калоны выйшла на Кастрычніцкую плошчу.
Пратэстоўцы па вуліцы Зыбіцкай вяртаюцца на Кастрычніцкую плошчу.
Мітынг пачаў супольна выконаваць ваярскі марш „Мы выйдзем шчыльнымі радамі…”
Выступае Вячаслаў Сіўчык.
Выступае Вольга Кавалькова.
Выступае кіраўнік партыі БНФ Рыгор Кастусёў.
Выступае Мікола Статкевіч.
На плошчы Незалежнасці каля 1600 пратэстоўцаў. Выступіў дэпутат Незалежнасці Лявон Баршчэўскі, якіс казаў, што беларуская Канстытуцыя супярэчыць любым інтэграцыйным аб’яднанням.
Выступае Сяргей Антончык, дэпутат Незалежнасці.
На мітынгу выступае Павел Севярынец.
Насупраць Дома ўраду пачаўся мітынг. Яго пачаў Вячаслаў Сіўчык.
Пратэстоўцы выйшлі на плошчу Незалежнасці.
Галава калоны выйшла на плошчу Незалежнасці.
У калоне каля 1150 удзельнікаў пратэсту.
Калона пратэстоўцаў рухаецца па праспекце Пераможцаў у бок плошчы Незалежнасці.
Калона пратэстоўцаў пачала рухацца ў бок плошчы Незалежнасці, дзе павінен адбыцца мітынг.
На акцыю прыехала шмат прадстаўнікоў з розных гарадоў Беларусі са сцягамі сваіх гарадоў, у тым ліку з Полацка, Нясвіжа, Жлобіна, Пінска, Гомеля і іншых.
Удзельнікі акцыі пратэсту спяваюць беларускія патрыятычныя песні.
Выступіў Алесь Чахольскі і паведаміў што заўтра, 21 снежня, а 14-й гадзіне працяг мітынгу, які будзе праводзіць КХП-БНФ.
На полошчы Алена Анісім, Аляксей Марачкін, Рыгор Кастусёў.
Павел Севярынец зачытаў спіс затрымах перад гэтай акцый і запатраваў іх вызваліць.
На Кастрычніцкай плошчы Вячаслаў Сіўчык, Алена Талстая.
Павел Севярынец на плошчы. Ён папрасіў пратэстоўцаў адысці далей ад ялінкі, каб не замінаць святу.
Нягледзячы на адстунасць дазволу ад уладаў, ціск і папярэджанні з боку міліцыі, затрыманні некаторых актывістаў і дыскрэдытацыю такіх акцый з боку дзяржаўных СМІ, шэраг прадстаўнікоў апазіцыі заклікаюць на пратэст на Кастрычніцкай плошчы ў пятніцу 20 сьнежня, у 18.00.
Беларускае Радыё Рацыя