У Менску дамовіліся пра спыненне агню на Данбасе



У Менску на пасяджэнні падгрупы па бяспецы трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе бакі дамовіліся пра спыненне агню ў зоне баявых дзеянняў з паўночы 8 сакавіка. Пра гэта заявіў прадстаўнік Украіны Яўген Марчук.

„Мы дамовіліся і ўсе бакі пагадзіліся, што запускаецца рэжым цішыні. Але, каб не было занадта вялікіх ілюзій – пакуль не будзе гарантый з боку Расеі і, у першую чаргу, кіраўніцтва РФ, Пуціна ці яго прадстаўнікоў, на жаль, на вельмі вялікі аптымізм спадзявацца не прыходзіцца. Мяч на расейскім баку”, – сказаў Марчук.

Ён дадаў, што рэжым цішыні плануецца ўвесці бестэрмінова. Украінскія СМІ паведамілі, што ў гэтую ноч абстрэлаў зафіксавана не было.