У Менску гаварылі пра пранікненне ў Беларусь «русского мира»



Як супрацьстаяць агрэсіўнаму пранікненню ідэалогіі так званага „русского мира” ў Беларусь, – гэтая праблема, сярод іншых, абмярковўвался на Сойме Партыі БНФ, які адбыўся ў Менску.

Па словах яе старшыні Аляксея Янукевіча, і Беларусь, і партыя стаяць перад вялікімі выклікамі.

– Мы бачым новую хвалю інфармацыйнай атакі на Беларусь. Мы бачым, што павялічваецца і актывізуецца дзейнасць прарасейскай, пракрамлёўскай пятай калоны ў Беларусі. Часта гэта адбываецца пры спрыянні пэўных дзяржаўных устаноў. І гэтаму трэба супрацьстаяць, бо такая дзейнасць падрывае незалежнасць Беларусі, наносіць шкоду і пагражае самому дзяржаўнаму суверэнітэту.

Па словах Аляксея Янукевіча, Партыя БНФ запланавала шэраг зваротаў па ўсім канкрэтным фактам антыбеларускай актыўнасці так званага „русского мира” ў Беларусі. Такія звароты будуць накіраваныя ў шэраг дзяржаўных устаноў: у Пракуратуру, Следчы камітэт, Міністэрства інфармацыі, адукацыі, культуры, абароны, у апарат упаўнаважанага па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў, а таксама кіраўніцтву беларускай праваслаўнай царквы.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск