У Менску можа адбыцца сустрэча трохбаковай кантактнай групы па Украіне



У бліжэйшы час у Менску можа адбыцца сустрэча трохбаковай кантактнай групы (Украіна — Расея — АБСЕ) па Украіне з удзелам данбаскіх сепаратыстаў. Пра магчымасць правядзення чарговага пасяджэння групы паведамілі прадстаўнікі бакоў канфлікту.

У прыватнасці, паводле інфармацыі ўкраінскага інтэрнэт-рэсурсу Gazeta.ua, прадстаўнік Кіева ў кантактнай групе Леанід Кучма 6 сакавіка заявіў: „Мы не выключаем верагоднасці такой сустрэчы „.

ДНР выступае за правядзенне вочнай сустрэчы кантактнай групы. Паводле слоў Пушыліна, на гэтай сустрэчы ДНР прапаноўвае абмеркаваць праблемы абмену палоннымі і амністыі ўдзельнікаў канфлікту ў Данбасе, паведамляе Данецкае агенцтва навін.

12 лютага ў Менску прайшлі шматгадзінныя перамовы ў фармаце „нармандскай чацвёркі” лідараў Украіны, Расеі, Францыі і Германіі. Паралельна ў Менску праходзіла сустрэча трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне. У выніку быў прыняты комплекс мер па выкананні менскіх пагадненняў, падпісаных у верасні 2014 года.

Пасля лютаўскай сустрэчы ў Менску прадстаўнікі кантактнай групы працавалі ў рэжыме відэаканферэнцый. Апошняя відэаканферэнцыя адбылася 3 сакавіка.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота „Интерфакс”