У Менску пачала працу сесія ПА АБСЕ



У Менску пачала працу 26-я штогадовая сесія Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацы ў Еўропе (ПА АБСЕ).

Прадстаўнікі беларускіх апазіцыйных партый са скепсісам ставяцца да адкрыцця сесіі ПА АБСЕ.

Беларускія ўлады не прасунуліся на шляху патрабаванняў з боку Еўразвязу ў галіне абароны правоў чалавека, кажа старшыня Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі Анатоль Лябедзька:

– Рашэнне аб правядзенні Парламенцкай Асамблеі АБСЕ ў Менску было заўчасным. І да канца не прадуманым. Гэта наша прынцыповая пазіцыя, аб якой мы гаварылі падчас нашых апошніх паездак і ў Берлін, і ў Брусель. Гэта магло б быць, але толькі тады, калі ёсць трэнд на рэальныя перамены.

Штогадовая сесія Парламенцкай Асамблеі АБСЕ праходзіць у Менску і будзе трываць да 9 ліпеня. Сесія прысвечаная ўмацаванню ўзаемнага даверу і супрацоўніцтва дзеля росквіту ў рэгіёне.

Аляксандр Лукашэнка выступіў на пленарным пасяджэнні, прысвечаным ўрачыстаму адкрыццю сесіі ПА АБСЕ. 

Кіраўнік краіны нагадаў, што яшчэ ў мінулым годзе прапанаваў запусціць новы Хельсінкскі працэс, каб паставіць, па яго словах, «кропку ў халоднай вайне». На яго думку, АБСЕ – менавіта тая арганізацыя, якая павінна узяць гэты працэс пад свой кантроль.

– У канцы мінулага года я ўжо агучваў ідэю новага перамоўнага працэсу, аналагічнага „Хельсінкі”. Трэба трымаць у думках пашырэнне яго фармату. Магчыма за кошт падключэння новых удзельнікаў. Тут я ў першую чаргу маю на ўвазе Кітайскую Народную Рэспубліку.  А магчыма сваё слова на карысць «Хельсінкі-2» скажуць іншыя, меньш буйныя дзяржавы і з Захаду, і з Усходу.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Менск гатовы стаць пляцоўкай для старту праекту «Хельсінкі-2», каб у наступным годзе ў беларускай сталіцы прайшоў форум з удзелам усіх зацікаўленых у стабілізацыі сітуацыі ў рэгіёне.

* * * 

5 ліпеня ў Менску адкрыецца 26-я штогадовая сесія Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацы ў Еўропе (ПА АБСЕ). Мерапрыемства будзе доўжыцца да 9 ліпеня.

На адкрыцці, запланаваным на 15.30, чакаецца прамова Аляксандра Лукашэнкі. Падобнае мерапрыемства ў Беларусі праходзіць упершыню. Напярэдадні беларускія праваабаронцы правялі альтэрнатыўнае пасяджэнне – Паралельны форум грамадзянскай супольнасці, на які завіталі і некаторыя дэпутаты АБСЕ. Па выніках форуму прынятая рэзалюцыя з патрабаваннем выконваць правы чалавека ў Беларусі.

Юрыя Джыбладзэ, кіраўніка маскоўскага Цэнтра развіцця дэмакратыі і правоў чалавека, на парадку дня  штогадовай летняй сесіі Парламенцкай Асамблеі АБСЕ найперш цікавіць, як будзе абмяркоўвацца пытанне “ўмацавання праваўжывання ў галіне правоў чалавека”. Кажа Юры Джыбладзэ:

– Сістэмных паляпшэнняў у Беларусі не адбываецца. Умовы для развязвання рэпрэсій у любы момант застаюцца, але ў сілу эканамічных, геапалітычных і іншых абставін рэжым Лукашэнкі значна больш стрыманей пачаў сябе весці ў апошнія два гады, не прыбягаючы да рэпрэсій таго маштабу і той жорсткасці, якія былі ў 2010-11 гадах. Пры гэтым пастаянна ёсць палітвязні. Толькі з-за таго, што зараз тут будзе праходзіць сесія ПА АБСЕ, людзі на волі і абвінавачванні знятыя.

Юры Джыбладзэ адзначае, што звычайна на сесіях АБСЕ вельмі цяжка знайсці кансэнсус, бо бяруць удзел гэткія антаганістычныя краіны, як, да прыкладу, Туркменістан і Швецыя. Беларусі ж, маўляў, гэта сесія важная выключна ў якасці іміджавага мерапрыемства.

Кажа сябра “ВясныВіктар Сазонаў:

У Беларусі сфармавалася жорсткая вертыкаль улады, і яна дзейнічае на ўсёй тэрыторыі, усё прымаецца ў адных кабінетах тут, у Менску, а рэгіёны абавязаны іх выконваць. Праваахоўныя сістэмы ўвесь час сочаць. Мы ведаем такія факты: у Гародні бязрукага чалавека засудзілі за тое, што ён пляскаў у далоні, або тое, што мяне і іншых праваабаронцаў судзілі, проста знайшоўшы фотаздымак у інтэрнэце.

У выніковай рэзалюцыі форуму ўсім інстытутам АБСЕ прапануецца сістэматычна патрабаваць ад уладаў Беларусі выканання правоў чалавека. Таксама патрабуецца тэрмінова вызваліць з-за кратаў Міхаіла Жамчужнага і Дзмітрыя Паўліенку, рэабілітаваць усіх былых палітычных вязняў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота БелТА