Агітацыйны мітынг Святланы Ціханоўскай у Менску
У Менску ў Парку Дружбы народаў прайшоў агітацыйны мітынг-канцэрт кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.
Фота: tut.by
Паводле тэлеграм-канала валанцёрскай службы Праваабарончага цэнтра „Вясна”, на акцыю прыйшло ажно 63 тысячы чалавек. Мерапрыемства праходзіла з 18 да 22 гадзіны.
А 20-й гадзіне на сцэну паднялася Святлана Ціханоўская. Яна пачала свой выступ на беларускай мове. Ціханоўская сказала, што ідзе ў прэзідэнты дзеля свайго мужа і беларусаў: „Мой муж адкрыў людзям вочы і даў надзею на перамены”.
– Калі я стану прэзідэнтам, я зраблю тры рэчы. Па-першае, я вызвалю палітвязняў і эканамічных вязняў. Па-другое, я правяду рэферэндум па вяртанні Канстытуцыі 1994 года, дзе ёсць абмежаванне паўнамоцтваў прэзідэнта і тэрмінаў яго праўлення. Трэцяе, цягам паўгода я ствару ўмовы і правяду сумленныя, незалежныя выбары новага прэзідэнта. І гэтага прэзідэнта выбераце вы!
Святлана Ціханоўская завяршыла свой выступ словамі: „Толькі разам мы зможам пабудаваць краіну для жыцця!”
Каля 19 гадзін на сцэну падняліся блізкія затрыманых – бацька Дзмітрыя Фурманава, жонка Паўла Севярынца – Вольга, якая заклікала пісаць палітвязням лісты падрымкі, жонка Мікалая Статкевіча – Марына Адамовіч і дзяўчына Эдуарда Бабарыкі – Аляксандра Зверава. Яна сказала: „Я люблю Беларусь і беларусаў, не хачу адсюль з’язджаць і вельмі стамілася баяцца”. Марына Адамовіч заявіла: „Мой муж Мікалай Статкевіч знаходзіцца за кратамі разам з больш як 20 іншымі мужнымі людзьмі, якія проста хочуць для сваёй краіны іншага лёсу і шчасця… І сёння мы гатовыя вярнуць сабе сваю краіну, гатовыя ўзяць яе лёс у свае рукі і нікому больш не аддаваць”.
Назіраюцца перабоі з інтэрнэтам і тэлефоннай сувяззю.
Падвышаны меры бяспекі. Прысутнічае шмат міліцыі. Акрамя супрацоўнікаў у форме ёсць і супрацоўнікі ў цывільным. Выстаўлены агароджы. На ўваходзе людзей правяраюць.
Перад выбарцамі на пікеце выступяць Святлана Ціханоўская, Вераніка Цапкала і Марыя Калеснікава. Як сказала пасля нарады ў Цэнтрвыбаркаме Святлана Ціханоўская: „Усе нашыя раней запланаваныя мерапрыемствы будуць праходзіць у штатным рэжыме”.
Удзел у канцэрце прамуць Лера Яскевіч, гурт Litesound, Alexander Kiss, Аляксандр Kosmas, Павел Касцевіч. Вядучы – Артэміс Ахпаш.
Расклад мерапрыемства: 18.00 — пачатак. 18:30 — гурт Loudscage. 18:40 — гурт PyLai. 19:00 — выступы Вольгі Севярынец, Аляксандры Зверавай і сваякоў затрыманых. 19:10 — спявачка Лера Яскевіч. 19:30 — юрыст штабу Бабарыкі Максім Знак. 19:50 — гурт :B:N: 20:10 — выступленне Святланы Ціханоўскай, Веранікі Цапкалы і Марыі Калеснікавай. 21:00 — выступ ініцыятывы «Честные люди». 21:10 — Alexander Kiss і Аляксандар Kosmas з удзелам Ціханоўскай, Цапкалы і Калеснікавай. 21:20 — гурт Litesound.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Наша Ніва, відэа: „Радыё Свабода”