У Менску пераабралі кіраўніцтва БСДП (Грамада)
У Менску на XVI чарговым з’ездзе, які прайшоў 13 сакавіка, пераабралі кіраўніцтва Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Трэці раз старшынёй стала Ірына Вештард.
Вештард перамагла з мінімальнай перавагай: яе падтрымалі 42 дэлегаты, адмовілі ў падтрымцы — 40. Ігара Маслоўскага падтрымалі 38 дэлегатаў, Віктара Крываля — 0.
Напярэдадні гучалі папярэджанні, што партыю можа захапіць праз сваіх прадстаўнікоў кампанія “Гавары праўду”. Тыя нават стварылі ценявы аргкамітэт. Цяпер партыя Вештард плануе прыняць удзел у парламенцкай кампаніі.
Варта зазначыць, што БСДП (Грамада) — не адзіная палітычная структура з падобнай назвай. Акрамя яе, існуе Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада пад кіраўніцтвам Станіслава Шушкевіча:
– Мы таксама маем намер правесці з’езд. Я думаю, што да непрыстойнай бойкі ў нас справа не дойдзе.
Існуе ў Беларусі й трэцяя Грамада. А дакладней: арганізацыйны камітэт па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада). Кіраўніком гэтага аргкамітэту з’яўляецца Мікалай Статкевіч.
Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота БелаПАН