У Менску плануецца сустрэча Лукашэнкі з кіраўніком „Раснефці”



Аляксандр Лукашэнка 18 лютага плануе сустрэцца з галоўным выканаўчым дырэктарам расейскай нафтагазавай кампаніі „Раснефць” Ігарам Сечыным, паведамляе блізкі да атачэння кіраўніка дзяржавы тэлеграм-канал „Пул Першага”. Сустрэча мае адбыцца ў Палацы Незалежнасці.

„Раснефць” летась была адным з асноўных пастаўшчыкоў вуглевадароднай сыравіны ў Беларусь разам з кампаніямі „Газпромнефць”, „Лукойл”, „Татнефць”, „Сургутнефцегаз”.

У снежні 2019 года Беларусь і Расея ўзгаднілі індыкатыўны баланс паставак нафты, у адпаведнасці з якім у 2020 годзе Беларусь павінна атрымаць 24 млн тон расейскай нафты. На сайце расейскай кампаніі „Транснефць” паведамляецца, што ў 2020 годзе на беларускія НПЗ плануецца паставіць 23,5 млн тон нафты.

У пачатку 2020 года расейскія кампаніі спынілі пастаўку нафты ў Беларусь з-за адсутнасці падпісаных кантрактаў. Нафту не пастаўляюць без прэміі да цаны, якая складае прыблізна 10 даляраў за тону. У Беларусі адмовіліся яе плаціць, спасылаючыся на тое, што з-за падатковага манеўру цана расейскай нафты і так павялічылася. Цяпер яна складае 83% сусветнай.

Беларускія НПЗ працуюць на мінімальнай загрузцы, забяспечваючы найперш патрэбы ў паліве на ўнутраным рынку. Урад тым часам шукае альтэрнатыўных пастаўшчыкоў нафты, выконваючы даручэнне кіраўніка дзяржавы.

14 лютага падчас наведвання Светлагорскага ЦКК (Гомельская вобласць) Лукашэнка заявіў, што Беларусь пачне адбор транзітнай расейскай нафты з нафтаправода „Дружба”, калі Расея ў лютым не паставіць нафту ў патрэбных аб’ёмах. „Цераз Беларусь на Захад і для Беларусі прапампоўваецца 70 млн тон нафты, і яны не маюць ніякіх праблем. Загадзілі бруднай нафтай — да гэтага часу не разлічыліся за гэта, хоць у нас выйшла са строю абсталяванне ў Мазыры, Наваполацк пацярпеў і нафтаправод „Дружба”. Таму калі не паставяць у лютым, будзем да 2 млн тон дабіраць”, — папярэдзіў Лукашэнка.

belapan.by