У Менску прайшла прэс-канферэнцыя кампаніі “Права выбару-2015”



У менскай сядзібе Партыі БНФ адбылася прэс-канферэнцыя грамадзянскай кампаніі па назіранні “Права выбару-2015”.

IMG_0681

Назіранне адбывалася больш чым на 650 участках высілкамі да паўтары тысячы назіральнікаў. Учарашнія выбары прызнаныя “несвабоднымі” і “несправядлівымі”. Падлік галасоў адбываўся “непразрыста”. Агучаныя Цэнтрвыбаркамам вынікі “не вартыя даверу”.

У прэс-канферэнцыі бралі ўдзел лідары-заснавальнікі кампаніі – сустаршыня Партыі БХД Віталь Рымашэўскі, намеснік старшыні руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч, старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, ды БСДП Ірына Вештард. А таксама кіраўнік кампаніі “Гавары праўду” ды штаба экс-кандыдата ў прэзідэнты Таццяны Караткевіч – Андрэй Дзмітрыеў. Пра вынікі назірання ды выпрацаваныя рэкамендацыі ўладам расказалі каардынатары “Права выбару-2015” Дзяніс Садоўскі ды Алесь Сілкоў.

Кандыдатка ў прэзідэнты Таццяна Караткевіч і яе штаб, у тым ліку, на падставе дадзеных “Права выбару-2015”, аспрэчыць вынікі выбараў у Вярхоўным судзе.

Уся сабраная інфармацыя, а таксама рэкамендацыі па змяненні выбарчага кодэксу грамадзянская кампанія перасылае ў ОБСЕ, Раду Еўропы, амбасады ды міжнародныя арганізацыі. Маўляў, каб пасля там мелі магчымасць прымаць сумленнае рашэнне пра наладжванне будучых стасункаў з Беларуссю.

IMG_0680

 

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск