У Менску прайшла сустрэча Лукашэнкі і Назарбаева



Беларусь і Казахстан збіраюцца паглыбляць эканамічнае супрацоўнітва. Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў знаходзіцца з афіцыйным візітам у Беларусі. Падчас сустрэчы Аляксандр Лукашэнка канстатаваў поўнае супадзенне паміж дзвюма краінамі ў сферы палітыкі і дыпламатыі.

“Гэта хутчэй візіт ветлівасці, у адказ на ранейшыя візіты Лукашэнкі ў Казахстан,” – кажа  палітолаг Валер Карбалевіч.

– Тым больш ён сумяшчаецца з самітам АДКБ. Адзінае, што адрознівае яго, ён аб’яўлены афіцыйным. Гэта падвышае яго статус. І па-другое, што ён сумяшчаецца з бізнес-форумам. Прыехала дзесьці каля 130 прадстаўнікоў прадпрыемстваў, кампаній. Таму гэта трохі надае статусу.

У рамках афіцыйнага візіту Нурсультан Назарбаеў і Аляксандр Лукашэнка прынялі ўдзел у беларуска-казахстанскім бізнес-форуме.

Паводле паведамлення Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, у парадку дня форума – разгляд перспектыўных кірункаў супрацы дзелавых колаў Беларусі і Казахстана.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота БелТА