У Менску праходзіць чарговы раўнд перамоў па Украіне
У Менску пачалося чарговае пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны, паведамляе ў „Твітэры” МЗС Беларусі.
Сустрэча ў „Прэзідэнт-гатэлі” традыцыйна праходзіць у закрытым для прэсы рэжыме. Раней тут пачаліся сустрэчы падгруп кантактнай групы па бяспецы і па гуманітарных пытаннях.
Папярэдні раўнд перамоў па ўкраінскім канфлікце адбыўся ў Менску 21 верасня. Паводле яго вынікаў бакі падпісалі неаднаразова анансаванае рамачнае пагадненне аб развядзенні сіл і сродкаў на трох прыярытэтных участках.
„Я рады паведаміць, што пасля трох месяцаў намаганняў і напружанай працы рабочай групе па пытаннях бяспекі нарэшце ўдалося ўзгадніць тэкст рамачнага рашэння аб раз’яднання сіл і сродкаў. Гэты дакумент быў сёння падпісаны прадстаўнікамі Украіны і Расейскай Федэрацыі ў кантактнай групе і парафіяваны прадстаўнікамі асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей”, — паведаміў журналістам спецпрадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ ў кантактнай групе Марцін Сайдзік.