У Менску праходзіць чарговы раўнд перамоў па Украіне
У Менску раніцай 23 жніўня пачаўся чарговы раўнд перамоў па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны.
„У Менску праходзіць сустрэча рабочых падгруп трохбаковай кантактнай групы”, — паведамляе ў „Твітэры” МЗС Беларусі.
Перамовы ў „Прэзідэнт-гатэлі” традыцыйна ідуць у закрытым для прэсы рэжыме. У другой палове дня тут адбудзецца пасяджэнне самой кантактнай групы, якая не збіралася ў сталіцы Беларусі тры тыдні.
Чакаецца, што ўдзельнікі сённяшняй сустрэчы прымуць рашэнне аб увядзенні на Данбасе рэжыму спынення агню ў сувязі з пачаткам навучальнага года. Гаворка пра гэта ішла падчас тэлефоннай размовы лідараў краін „нармандскай чацвёркі” 22 жніўня.
Як паведамлялася, 21 жніўня ў Менску ў закрытым для СМІ рэжыме прайшлі перамовы памочніка прэзідэнта Расеі Уладзіслава Суркова і спецпрадстаўніка ЗША па Украіне Курта Волкера. Паводле яе вынікаў Суркоў заявіў: „Мы пагадзіліся, што наяўная сітуацыя на паўднёвым усходзе Украіны не можа задавальняць ні бакі канфлікту, ні вонкавыя сілы, якія садзейнічаюць ўрэгуляванню. Дыскусія вялася ў тоне ўзаемнай павагі і зацікаўленасці, шчыра, сур’ёзна, без ілюзій і прадузятасці. Прыхільнасць мінскім пагадненням пад сумненне не ставілася: абодва бакі прапанавалі свежыя ідэі і наватарскія падыходы па іх рэалізацыі”.
Чакаецца, што 23 жніўня Волкер прыедзе ў Кіеў, дзе „далучыцца да міністра абароны ЗША Джэймса Мэтыса на сустрэчах з украінскімі высокапастаўленымі асобамі, каб абмеркаваць наступныя захады ў дыпламатычных перамовах з мэтай аднаўлення суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны”, паведаміў Дзярждэпартамэнт ЗША.