У Менску праходзіць чарговы раўнд перамоў па Украіне
У Менску 24 красавіка праходзіць чарговы раўнд перамоў па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны, паведамляе ў „Твітэры” МЗС Беларусі.
Перамовы ў „Прэзідэнт-гатэлі” традыцыйна арганізаваныя ў закрытым для прэсы рэжыме. Сустракаюцца тэматычныя падгрупы трохбаковай кантактнай групы (Украіна — АБСЕ — Расея). У 15.00 запланаванае пасяджэнне кантактнай групы.
Папярэдняя сустрэча групы ў Менску адбылася 10 красавіка. Паводле яе вынікаў спецпрадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ Марцін Сайдзік заявіў журналістам, што на Данбасе рыхтуецца „велікоднае перамір’е”. Абвясціць яго планавалася паводле вынікаў відэаканферэнцыі кантактнай групы 18 красавіка, аднак бакі не здолелі дамовіцца пра спыненне агню. Мінулая беспаспяховая спроба ўстанаўлення перамір’я на Данбасе — з 7 сакавіка — была прымеркаваная да Міжнароднага жаночага дня і названая „веснавым перамір’ем”.
Абраны новым прэзідэнтам Украіны Уладзімір Зяленскі на прэс-канферэнцыі ў дзень другога туру выбараў, 21 красавіка, заявіў, што менскі перамоўны працэс мае патрэбу ў перазагрузцы. „Мы будзем дзейнічаць у „нармандскім фармаце”, будзем перазагружаць менскі працэс, але ў гэтым напрамку будзем ісці да канца, каб нашы хлопцы вярнуліся жывымі”, — сказаў ён.