Менск стане рэгулярнай пляцоўкай вырашэння канфлікту Расеі і Украіны (абнаўляецца)
Як заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка па выніках перамоваў прэзідэнтаў Мытнага саюзу, Украіны і высокіх прадстаўнікоў Еўразвязу, усе бакі прызнаюць неабходнасць тэрміновай дээскалацыі канфлікту і мірнага ўрэгулявання сітуацыі на ўсходзе Украіны. Хоць меркаванні па самой сітуацыі і розныя, сказаў ён:
– Што тычыцца мірнага ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне, то ўсе падтрымалі прапанову прэзідэнта Украіны зрабіць Менск рэгулярнай пляцоўкай для сустрэч кантактнай групы Україна-Расея-ОБСЕ. Прапанавана сабрацца групе ў найбліжэйшы тэрмін.
Заўважым, што Пётр Парашэнка настойваў на працягненні перамоваў у межах кантактнай групы ўжо 27 жніўня. Але пасля дзвюхгадзіннай размовы сам-насам з Пуціным гэтае пытанне больш не ўздымалася. Прэс-сакратар украінскага прэзідэнта Святаслаў Цэголка коратка адказаў журналістам: «Мы з’язджаем».
Уладзімір Пуцін і Пётр Парашэнка не распавялі журналістам, якія чакалі прэзідэнтаў да позняй ночы, пра вынікі сваёй размовы.
Парашэнка накіраваўся адразу на сустрэчу да Кэтрын Эштан, пасля якой ва ўкраінскай амбасадзе прайшла сустрэча прэзідэнта выключна з украінскімі медыямі. Пуцін таксама не стаў размаўляць з прэсай. Ужо позняй ноччу стала вядома пра яго заявы, зноў жа, толькі расейскім агенцтвам.
Паводле Парашэнкі, неадкладна пачынаюцца кансультацыі памежнікаў дзеля кантроля на мяжы з Расеяй, ішла гаворка пра імплементацыю мірнага плану.
Пуцін назваў вынікі размовы станоўчымі і карыснымі. Але наконт спынення ваенных дзеянняў заўважыў, што, маўляў, не Расея ж там ваюе – таму пытанне не да Масквы.
Рыгор Сапяжынскі, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі, намеснік старшыні Еўрапейскай камісіі Кэтрын Эштан адзначыла важную ролю Беларусі ў правядзенні сустрэчы ў Менску па пытаннях урэгулявання сітуацыі ва Украіне.
Пра гэта яна заявіла падчас сустрэчы з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, якая адбылася напярэдадні агульных перамоваў лідараў Беларусі, Казахстану, Расеі і Украіны і трох еўракамісараў.
Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам адзначыў, што ініцыятыва менскай сустрэчы належыць украінскаму прэзідэнту.
– Можна шмат разглагольстваваць пра гэтую сустрэчу, пра тое, што нехта піяр-кампанію сабе арганізоўвае, Гэта была вашая прапанова, каб не “з бухты барахты” разабрацца ў сітуацыі, якая на той моман складвалася ў эканоміцы. Вось і ўвесь піяр, гэта была прапанова прэзідэнта Украіны. Вы мяне папрасілі данесці гэта да маіх калег. Я быў выканаўцам. Я ўсё зрабіў, каб данесці да ніх Ваш пункт гледжання. Калі бы не было Вашай волі нават у апошнія дні, мы з Вамі часта па тэлефоне пра гэта гаварылі, не было бы і гэтай сустрэчы.
Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка на сустрэчы ў Менску прапанаваў кіраўнікам краін Мытнага саюза і прадстаўнікам Еўразвязу прыняць яго план мірнага ўрэгулявання.
Украінскі прэзідэнт спадзяецца, што вынікам сённяшняй сустрэчы ў Менску стане дасягненне дамоўленасці аб ўсталяванні міру ва Украіне. Пра гэта ён заявіў перад двухбаковай сустрэчай з Аляксандрам Лукашэнкам.
– Мне вельмі прыемна, што Менск стаў цэнтрам перамоваў. І мы маем усе падставы, каб ад усяго сэрца падзякаваць. Лічу, што гэта будзе не адзінае, а толькі першае пагадненне, якое дазволіць прынесці мір на зямлю Украіны. Сур’ёзныя праблемы хутка вырашаем шляхам двухбаковага і вельмі эфектыўнага дыялогу.
Сустрэча Парашэнкі з Лукашэнкам прайшла перад паседжаннем саміта ў фармаце Мытны саюз- Україна- ЕС. З удзелам , Уладзіміра Пуціна, Нурсултана Назарбаева, Аляксандра Лукашэнкі, а таксама трох высокапастаўленых чыноўнікаў ЕС — вярхоўнага прадстаўніка Еўразвязу па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, еўракамісара па гандлі Карэла дэ Гюхта і еўракамісара па энергетыцы Гюнтэра Германа Этынгера.
Беларускае Радыё Рацыя, паводле БелаПАН
Пачаліся перамовы кіраўнікоў Украіны, Беларусі, Расеі, Казахстану і высокіх чыноўнікаў Еўразвяза па праблеме ўрэгулявання канфлікту на Данбасе.
Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што гатовы чарнавік дакумента, які сёння можа быць падпісаны ўсімі бакамі. Пра гэта перадаюць журналісты з Палацу незалежнасці. Падрабязнасці пакуль не паведамляюцца.
[youtube id=”I-ZeuTLrQUs”]
* * *
Георгіеўская стужка, якую выкарыстоўваюць як свой сімвал сепаратысты на Данбасе, была сёння заўважаная ў аэрапорце на прадстаўніках атачэння Уладзіміра Пуціна, які прыбыў у Менск на перамовы па сытуацыі ва Украіне.
Георгіеўская стужка была прымацаваная да партфеля прэсавага сакратара Пуціна Дзмітрыя Пяскова.
Беларускаму прэм’еру Міхаілу Мясніковічу давялося каля гадзіны чакаць прылёту самалёта прэзідэнта Расеі Пуціна.
Пасля таго як у салон самалёта ўвайшоў амбасадар Расеі Аляксандар Сурыкаў, яшчэ 20 хвілін яны не выходзілі.
Картэж Пуціна быў самым вялікім за сёння каля 20 машын. Сам Пуцін паехаў на Мэрседэсе з расейскімі нумарамі.
[Not a valid template]
[youtube id=”9BKcUJRx8iY”]
* * *
У Палацы незалежнасці ў Менску праходзіць двухбаковая сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Украіны Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі.
Як перадае карэспандэнт TUT.BY, Лукашэнка сустрэў калегу на чырвонай дывановай дарожцы на ганку і цяпло размаўляючы правёў у памяшканне.
„Калі б не было вашай волі, не было б і гэтай сустрэчы. Гэта сведчыць пра тое, што Украіна вельмі зацікаўлена ў тым, каб на гэтай зямлі ў цэнтры Еўропы была нармальная сітуацыя”, – сказаў кіраўнік Беларусі Пятру Парашэнку.
[Not a valid template]
[youtube id=”tVhFxnWzF_g”]
[youtube id=”IERijQBbapc”]
[youtube id=”wYydW4SFnN0″]
* * *
Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка першым прыбыў у Менск на перамовы. Праз паўгадзіны ў менскім аэрапорце прызямліўся самалёт з вярхоўным прадстаўніком ЕЗ па замежных справах Кэтрын Эштан.
Менавіта сустрэча з Эштан была першым нумарам у графіку візіту Парашэнкі ў Менск, паведамляе „Новая газета”. Сустрэча прайшла ў будынку амбасады Украіны ў Менску.
Фота Reuters