У Менску прайшоў з’езд АГП
Старшынём партыі на альтэрнатыўнай аснове абраны Мікалай Казлоў, які раней выконваў абавязкі старшыні. Вылучаны былы старшыня АГП Анатоль Лябедзька зняў сваю кандыдатуру.
***
У Менску праходзіць XX з’езд Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Яго ўдзельнікі плануюць абраць новае кіраўніцтва партыі — старшыню, яго намеснікаў, палітсавет і нацыянальны камітэт АГП. Акрамя таго, чакаецца прыняцце шэрагу дакументаў, у якіх будзе выказаная пазіцыя партыі „па актуальных грамадска-палітычных пытаннях”.
Выканаўца абавязкаў старшыні партыі Мікалай Казлоў неадназначна ацаніў вопыт удзелу ў праймерыз апазіцыі. Палітык патлумачыў, што гэта быў першы вопыт. „Мы выйгралі гэты праймерыз. У ім, можа быць, удзельнічала няшмат людзей, можа быць, ён быў недастаткова разрэкламаваны, але тым не менш”, — сказаў Казлоў.
Сярод дасягненняў партыі Казлоў назваў прыдуманы АГП новы фармат акцый — ланцугі салідарнасці. Таксама ён нагадаў, што партыя падтрымала Святлану Ціханоўскую, члены партыі былі сярод яе давераных асоб і зараз працуюць у яе штабе і ў асноўным складзе Каардынацыйнай рады.
Беларускае Радыё Рацыя