Старшынём „Маладога фронту” абраны Яўген Васьковіч (абноўлена)
Старшынём міжнароднага грамадскага аб`яднання „Малады фронт” абраны Яўген Васьковіч. Такое рашэнне прыняў з`езд арганізацыі 9 снежня ў Менску.
Больш за два гады назад з`езд „Маладога фронту” вызначыўся з тым, што кіруючым органам аб`яднання будзе з`яўляцца сойм, аднак сёння было вырашана аб абранні старшыні арганізацыі.
„Адбылася досыць непрадказальная на з`ездзе „дзвіжуха”, абралі старшыню”, — пракаментаваў падзею БелаПАН адзін з лідараў арганізацыі Дзмітрый Дашкевіч.
На пасаду старшыні вылучаліся тры чалавекі: Сяргей Пальчэўскі, Наталля Гусева і Васьковіч.
На з`ездзе за кандыдатуру старшыні прагаласавала 26 чалавек: дзевяць за Гусеву, дзесяць за Пальчэўскага і 20 за Васьковіча (галасаваць можна было аднаму чалавеку за некалькі кандыдатур). Спачатку планавалася абраць сустаршыняў, але большую колькасць галасоў набраў Васьковіч.
Таксама на з`ездзе быў абраны новы склад сойма з 14 чалавек, у яго ўвайшоў і Дашкевіч. „Сойм пазней прыме рашэнне, хто будзе намеснікамі старшыні”, — сказаў ён.
Яўген Васьковіч нарадзіўся ў Бабруйску ў лютым 1990 года. За спробу падпалу ў ноч на 17 кастрычніка 2010 года будынку КДБ у Бабруйску, у які былі кінутыя бутэлькі з запальнай сумессю, Васьковіч разам з Арцёмам Пракапенкам і Паўлам Сырамолатавым 18 мая 2011 года быў асуджаны па частцы 2 артыкула 339 (злоснае хуліганства) і частцы 3 артыкула 218 (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці ў асабліва буйных памерах) Крымінальнага кодэкса на сем гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
* * *
З’езд міжнароднага грамадскага аб’яднання „Малады фронт” патрабуе ад уладаў „вызвалення палітвязняў і спынення рэпрэсій супраць іншадумцаў”.
„Да сямі гадоў турмы па сфабрыкаванай справе прыгавораны вядомы краязнаўца Алесь Юркойць. Супраць праваабаронцы Міхаіла Жамчужнага, які знаходзіцца ў калоніі ў Горках, ужываецца фізічная сіла і псіхалагічны гвалт. Працягваецца націск на вязняў Ілью Валавіка, Дзмітрыя Цехановіча, Вадзіма Бойку, Піліпа Іванова і Дзмітрыя Паліенку”, — гаворыцца ў дакуменце, прынятым на з’ездзе арганізацыі 9 снежня ў Мінску.
Па сфабрыкаванай справе знаходзіцца пад следствам кіраўнік незалежнага прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч і кіраўнік Менскай гарадской арганізацыі прафсаюза РЭП Ігар Комлік, таксама лічыць „Малады фронт”.
Арганізацыя патрабуе „неадкладнага вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітычных вязняў Беларусі”, сярод якіх: Тарас Аватараў, Бойка, Валавік, Жамчужны, Іваноў, Ірына Моцная, Паліенка, Цехановіч і Юркойць.
* * *
У Менску 9 снежня праходзіць з’езд міжнароднага грамадскага аб’яднання „Малады фронт” (арганізацыя зарэгістраваная ў Чэхіі).
З’езд плануе выбраць новы склад сойма, які больш за два гады з’яўляецца кіруючым органам аб’яднання. У яго ўваходзяць каля двух дзясяткаў чалавек.
Як паведаміў БелаПАН адзін з лідараў „Маладога фронту” Зміцер Дашкевіч, сёння можа быць прынятае рашэнне аб вяртанні інстытута сустаршынства ў арганізацыі. „Але я на гэтую пасаду прэтэндаваць не буду”, — сказаў ён.
Таксама на з’ездзе плануецца прыняць заяву з патрабаваннем вызвалення палітвязняў.
„Малады фронт” быў заснаваны ў 1997 годзе, першы з’езд адбылася 6 верасня гэтага года. Сустаршынямі арганізацыі ў розныя гады абіраліся Дашкевіч, Павел Севярынец і іншыя актывісты моладзевага руху. Аб’яднанне вядомае арганізацыяй розных вулічных акцый.