У Менску праходзяць перамовы кантактнай групы па Украіне
У Менску пачаліся перамовы трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны, паведамляе ў „Твітэры” МЗС Беларусі.
За некалькі гадзін да таго пачаліся перамовы ўсіх падгруп кантактнай групы: па эканамічных, гуманітарных, палітычных пытаннях, а таксама па пытаннях бяспекі. Сустрэчы ў комплексе „Дыпсэрвіс-хол” традыцыйна праходзяць у закрытым для прэсы рэжыме.
Папярэдні раўнд украінскіх перамоваў у Менску прайшоў 25 жніўня. Паводле яго вынікаў кантактная група заклікала бакі канфлікту да бестэрміновага спынення агню з поўначы 31 жніўня. 1 верасня адбылася відэаканферэнцыя кантактнай групы, падчас якой было адзначана, што рэжым спынення агню ў асноўным выконваецца.
Напярэдадні сённяшніх перамоваў намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Украіны Канстанцін Елісееў заявіў, што ўкраінскі бок на сустрэчы мае намер ініцыяваць пытанне надання беззваротнага характару рэжыму спынення агню, паведамляе сайт украінскага прэзідэнта.
Тым часам у самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспубліках пачалася падрыхтоўка да правядзення праймерыз на мясцовых выбарах. Датай галасавання вызначана 2 кастрычніка.
Вядома таксама, што спецпрадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ ў кантактнай групе Марцін Сайдзік пасля сённяшніх перамоў, 8—9 верасня, наведае Маскву, дзе правядзе сустрэчы з міністрам замежных спраў РФ Сяргеем Лаўровым і прадстаўніком Расеі ў кантактнай групе Барысам Грызловым.