У Менску праходзяць перамовы кіраўнікоў Беларусі і Азербайджана



У Беларусі Азербайджан ўспрымаюць як вельмі сяброўскую, братнюю краіну, з якой добрыя адносіны ўсталяваліся на самых розных узроўнях, заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніком Азербайджана Ільхамам Аліевым 19 лістапада ў Менску.

„Беларусь вас чакала, — цытуе Лукашэнку прэс-служба кіраўніка беларускай дзяржавы. — Вельмі шмат было інфармацыі аб афіцыйным візіце. Прытым, як вы ведаеце, прычыны розныя былі для гэтага. Часам і фэйкавыя. Хоць гэта таксама вынік. Нават негатыўная нейкая інфармацыя, якая не адпавядае рэчаіснасці, яна таксама часам дадатная. Непадробленая была цікавасць да вашага візіту. Мы даўно чакалі яго. Вельмі шмат казалі пра Азербайджан”.

Лукашэнка адзначыў дынамічнае развіццё гандлёва-эканамічных адносін. Так, паводле яго слоў, за мінулы перыяд 2018 года ўзаемны тавараабарот вырас амаль у тры з паловай разы да аналагічнага ўзроўню мінулага года. „Хачу чарговы раз пацвердзіць і запэўніць, што закрытых тэм ніколі ў нашых адносінах не будзе, — падкрэсліў Лукашэнка. — Мы жылі ў адной дзяржаве. Мы з вамі вельмі блізкія людзі. Карані нашы сыходзяць у савецкі перыяд. Напэўна, і 10-15 пакаленняў таму нашы суайчыннікі з вашымі мелі добрыя адносіны”.

Лукашэнка таксама дадаў: „Я рады, што вы прыехалі да нас. Ёсць пра што пагаварыць. Добрыя ў нас адносіны ва ўсіх сферах — і гандлёва-эканамічныя, і палітычныя, і ў ваеннай галіне. Але ёсць да чаго імкнуцца, і ёсць што дадаваць да гэтых адносінаў”.

У сваю чаргу Аліеў адзначыў, што па ўсіх напрамках беларуска-азербайджанскага супрацоўніцтва ёсць канкрэтныя вынікі. „Нашы адносіны адрознівае менавіта тое, што ўсё, пра што мы дамаўляемся, мы выконваем. І падтрымліваем адзін аднаго ва ўсіх міжнародных структурах, і гандлёва-эканамічныя сувязі растуць, — сказаў ён. — Вельмі актыўна развіваецца прамысловая кааперацыя, таксама мае добрую гісторыю супрацоўніцтва ў ваенна-тэхнічнай, культурнай і адукацыйнай сферах. Гэта значыць, па ўсіх напрамках мы бачым пазітыў, добры настрой, канкрэтныя вынікі”.

Аліеў адзначыў, што рэгулярны абмен візітамі на вышэйшым роўні сведчыць пра блізкія і сяброўскія сувязі паміж Беларуссю і Азербайджанам.

„У Азербайджане, калі гавораць пра Беларусь, узгадваюць нейкія падзеі, звязаныя з нашымі двухбаковымі адносінамі, заўсёды ў грамадстве вельмі пазітыўныя пачуцці, — адзначыў ён. — Вельмі важна, што нашы дружалюбныя сувязі таксама пазітыўна ўспрымаюцца таварыствамі нашых краін. Я ведаю, што ў Беларусі вельмі добрае стаўленне да Азербайджана, а ў Азербайджане Беларусь лічаць на самай справе братняй краінай і адным з самых блізкіх партнёраў не толькі на прасторы былога СССР, але і ў свеце”.

Ён адзначыў, што гэтаму ў тым ліку спрыяюць асабістыя адносіны паміж кіраўнікамі дзяржаў. „Людзі ўсё гэта бачаць і шануюць тое, як мы вырашаем пытанні, як ідзем да пастаўленай мэты, — сказаў Аліеў. — Перыяд нашых актыўных адносін у апошнія гады — гэта перыяд вырашэння пытанняў, па якіх мы з вамі дамаўляліся”.

Аліеў таксама заявіў, што яго цяперашні афіцыйны візіт дасць магчымасць не толькі абмеркаваць і прааналізаваць вынікі двухбаковага супрацоўніцтва за мінулы перыяд, але і намеціць шляхі далейшага ўзаемадзеяння. „Упэўнены, што мы сёння прымем важныя рашэнні”, — сказаў ён і запрасіў Лукашэнку наведаць з афіцыйным візітам Азербайджан.

Паводле інфармацыі прэс-службы, да пачатку афіцыйных перамоў Аліеў разам з Лукашэнкам з „цікавасцю агледзеў у Палацы Незалежнасці выставу фотаработ, на якіх адлюстраваныя найбольш вядомыя славутасці краіны”.

belapan.by

Фота president.gov.by