У Менску праходзяць перамовы па Украіне
У Менску 1 сакавіка праходзіць чарговы раўнд перамоў аб урэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны. Пачаліся пасяджэнні падгруп па бяспецы, палітычных і гуманітарных пытаннях трохбаковай кантактнай групы, паведамляе ў „Твітэры” МЗС Беларусі.
Перамовы ў „Прэзідэнт-гатэлі” традыцыйна праходзяць у закрытым для прэсы рэжыме. У другой палове дня тут адбудзецца пасяджэнне самой кантактнай групы.
Папярэднія перамовы па Украіне ў Менску адбыліся 15 лютага. Паводле іх вынікаў спецпрадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ Марцін Сайдзік паведаміў журналістам, што бакі канфлікту на Данбасе дамовіліся аб адводзе ўсіх забароненых мінскімі дагаворамі ўзбраенняў да 20 лютага.
Выхад дыпламата да прэсы быў адзначаны інцыдэнтам з удзелам прадстаўнікоў незарэгістраванай нацыяналістычнай партыі „Іншая Расея” (былая нелегальная Нацыянал-бальшавіцкая партыя). Два хлопцы і дзве дзяўчыны, якія прайшлі ў памяшканне для брыфінгу і выдавалі сябе за журналістаў, пачалі выкрыкваць лозунгі „Рукі прэч ад Данбаса!”, „Парашэнка — забойца рускага народа!” і „Данбас — у склад Расеі!”. Маладыя людзі раскідалі ўлёткі з заявай, у якой сцвярджалася, што перамовы ў Менску нічога не вырашаюць.
Праваахоўнікамі быў затрыманы толькі адзін з іх. 16 лютага суд Ленінскага раёна Менска прызнаў актывіста Цімафея Ермакова вінаватым на падставе арт. 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў), прызначыўшы пяць сутак арышту. 21 лютага Ермакоў быў дэпартаваны ў Расею, яму забаронены ўезд у Беларусь на пяць гадоў.