У Менску прайшоў мітынг за незалежнасць
21 снежня ў Менску прайшла чарговая акцыя за незалежнасць Беларусі.
Яна была прымеркаваная да сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў Санкт-Пецярбургу, якая адбылася 20 снежня.
Сённяшняя акцыя, як і папярэдняя, не была ўзгоднена з уладамі. Перад удзельнікамі мітынгу, якіх сабралася каля 200 чалавек, выступілі арганізатары. Яны заклікалі бараніць незалежнасць і суверэнітэт Беларусі.
На акцыі была прынятая рэзалюцыя, якую зачытаў намеснік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі.
Мітынг прадоўжыўся ў фармаце адкрытага мікрафона.
А 16-й гадзіне акцыя пратэсту супраць інтэграцыя Беларусі і Расеі завершылася спевам гімну „Магутны Божа”.
Нагадаем, акцыя за Незалежнасць, якая прайшла 20 снежня ў Менску, працягвалася амаль тры з паловай гадзіны і стала самай масавай акцыяй за апошнія два гады. Часам колькасць удзельнікаў дасягала прыкладна 2 тысячаў чалавек. Міліцыя шэсцю і мітынгу не перашкаджала.
* * *
Міліцыянт папярэдзіў удзельнікаў акцыі пра адміністрацыйную адказнасць за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.
Пратэстоўцы спяваюць «Пагоню», гучыць вокліч «Жыве Беларусь!».
На плошчы некалькі дзясяткаў чалавек. Яны ў асноўным гуртуюцца каля праспекта. Сярод удзельнікаў – паэт і палітык Уладзімір Някляеў:
– Падпісваецца не дамова паміж Беларуссю і Расеяй. Расея тут ні пры чым, як і расейскі народ, і беларускі. Падпісваецца дамова паміж рэжымам лукашэнкаўскім, якія сёння існуе, і рэжымам пуцінскім, які існуе ў Расеі. Вось яны і разыгрываюць гэтую карту.
Як паведаміў „Свабодзе” дзін з галоўных арганізатараў пратэстаў Павел Севярынец, у чацвер пройдзе нарада кіраўнікоў апазіцыі, каб вырашыць, што рабіць далей.
* * *
Ці варта сёння выходзіць жыхарам і гасцям сталіцы на чарговую акцыю пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй?
Старшыня Руху “За свабоду” Юры Губарэвіч, які прымаў актыўны ўдзел ва ўчорашніх мерапрыемствах, лічыць што сёння акцыя можа быць не настолькі масавай як напярэдадні і таму ёсць аб’ектыўныя падставы:
– Можна рабіць прагнозы толькі. Сёння няма ўжо нейкіх грунтоўных падставаў для таго, каб людзі яшчэ раз выйшлі на пратэст. Таму што сітуацыя ў падвешаным стане знаходзіцца. І хутчэй за ўсё да канца года ніякія рашэнні не будуць прынятыя. Арганізатарам трэба было ўлічваць і гэтыя акалічнасці. Бо калі колькасць будзе меншая, то гэта будзе адчуванне спаду. Трэба назапашваць, акумуляваць, а не расцярушваць.
Напярэдадні ў Менску прайшла самая масавая акцыя за апошнія два гады. У гэтыя хвіліны арганізатар пратэстаў Павел Севярынец пачынае новы збор на Кастрычніцкай плошчы сталіцы ўсіх, хто супраць інтэграцыі з Расеяй.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота svaboda.org