У Менску пройдзе чарговы раўнд дыялогу Беларусі і ЕЗ па правах чалавека



Як паведаміў БелаПАН старшыня грамадскага аб’яднання „Беларускі Хельсінкскі камітэт” Алег Гулак, які запрошаны на сустрэчу, 20 ліпеня плануецца абмеркаваць агульную сітуацыю з правамі чалавека ў краіне, пытанні юрыдычнай і прававой рэформаў, а таксама грамадзянскіх, палітычных, сацыяльных і культурных правоў. „У нас будзе магчымасць выступіць па сацыяльных, палітычных і культурных правах”, — сказаў ён, дадаўшы, што на сустрэчу запрошаныя шэсць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.

Адзін з запрошаных, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, паведаміў БелаПАН, што ў сваім выступленні будзе закранаць тэму свабоды масмедыя.

Падчас сустрэчы прадстаўнікі Беларусі і ЕЗ, паводле звестак БелаПАН, маюць намер абмеркаваць ход рэалізацыі міжведамаснага плана па правах чалавека, прынятага ў Беларусі ўвосень 2016 года, а таксама пытанні выканання правоў беларускіх грамадзян у краінах Еўразвяза.

Папярэдні раўнд дыялогу ў Менску адбыўся ў чэрвені 2016 года. Тады беларускую дэлегацыю на кансультацыях узначальвала Алена Купчына (былы намеснік міністра замежных спраў), дэлегацыю ЕЗ — дырэктар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў па Еўропе і Цэнтральнай Азіі Томас Майер-Хартынг. Па выніках сустрэчы МЗС заявіў: „У рамках дыялогу быў разгледжаны ўвесь комплекс пытанняў правачалавечай праблематыкі, у тым ліку заканадаўчыя рамкі абароны правоў чалавека. Асаблівая ўвага была нададзена тэматыцы забеспячэння правоў інвалідаў і прадухілення сямейнага гвалту, а таксама супрацоўніцтву ў рамках міжнародных арганізацый”.

Паводле БелаПАН