Адбылося шэсце памяці ў Лошыцкі яр
Каля 50 чалавек прынялі ўдзел у санкцыянаваным шэсці і мітынгу памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, які адбыўся 8 лістапада ў Менску і быў прымеркаваны да дня памяці продкаў «Дзяды».
З-за непагадзі мітынг доўжыўся 30 хвілін замест заяўленых паўтары гадзіны. На мітынгу быў зачытаны зварот лідара КХП-БНФ Зянона Пазьняка, які знаходзіцца ў эміграцыі.
Кіраўнік партыі звярнуўся да сведчанняў жыхаркі Лошыцы, якія ён запісаў у 80-я гады. «Каля расстрэлаў тут пастаянна круціліся мясцовыя падонкі-камсамольцы, якія прасілі ў супрацоўнікаў НКУС даць ім пастраляць па «ворагах народа». Ім давалі пастраляць і плацілі па 50 капеек за гэта – нікчэмныя па тых часах грошы. Гэта «цітушкі» 30-х гадоў. Мы і цяпер усюды назіраем іх злачынную дзейнасць – і на Каўказе, і ва Ўкраіне, і ў нас, у Беларусі », – заявіў Пазьняк. На ягоную думку, цяпер мы назіраем дэградацыю «гнілой імперыі» на ўсходзе. «Калі яна разваліцца канчаткова, усё чалавецтва ўздыхне з палёгкай», – лічыць палітык.
Намеснік старшыні партыі Юрась Беленькі падзякаваў прысутным за тое, што яны прыйшлі да памятнага знака ў Лошыцы, нягледзячы на дрэннае надвор’е. Удзельнікі акцыі праспявалі гімн «Магутны Божа» і ўсклалі кветкі да памятнага знака ў гонар ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. За шэсцем і мітынгам назіралі сілавікі ў цывільным, здымаючы тое, што адбываецца на відэакамеры.
* * *
Каля 50 чалавек удзельнічаюць у традыцыйным шэсці да Лошыцкага яра ў Менску, дзе ў 1930-х расстрэльвалі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.
Удзельнікі санкцыянаванай гарвыканкамам акцыі, якую арганізавала Кансерватыўна-Хрысціянская партыя — БНФ, сабраліся сёння каля палаца культуры «Лошыцкі» і ў 12.35 пачалі рух па тратуары ўздоўж вуліцы Маякоўскага.
У руках дэманстрантаў бел-чырвона-белыя сцягі, сімволіка партыі, транспаранты «Дзяды» і «Беларуская салідарнасьць — наш супраціў расійскай акупацыі».
Калону суправаджаюць некалькі супрацоўнікаў міліцыі, адзін з якіх у сіняй камізэльцы інфармацыйнай групы ГУУС. За мерапрыемствам назіраюць сілавікі ў цывільным з відэакамерай.
Чакаецца, што каля памятнага знака ў гонар нявінна расстраляных з 13.30 да 15.00 адбудзецца мітынг, паведамляе БелаПАН
* * *
Сёння ў Менску адбудзецца традыцыйная акцыя ў Лошыцы ў памяць аб ахвярах сталінскіх рэпрэсій, прымеркаванай да Дня памінання продкаў «Дзяды».
Пра гэта паведаміў намеснік старшыні Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі. Па ягоных словах, на правядзенне акцыі быў атрыманы дазвол Менскага гарвыканкама.
– Збіраемся каля 12 гадзін ля Палаца культуры «Лошыцкі». Затым у 12.30 пачнецца шэсце да памятнага крыжа ў Лошыцкаім яры, дзе расейскія акупанты забівалі беларусаў. На гэтым месцы ў аўральным рэжыме насыпалі шмат зямлі – з’ява недабразычлівая, яна характэрызуе, што за ўлады ў нас кіруюць, чыімі палітычнымі спаткаемцамі яны з’яўляюцца.
На такім жа мітынгу ў Лошыцы ў 2011 годзе прагучала інфармацыя аб тым, што непадалёк ад месца расстрэлу рэпрэсаваных знаходзілася так званая „белая дача», дзе ў 1930-х гадах размяшчалася спецкаманда НКУС. Туды дастаўлялі перабежчыкаў з Заходняй Беларусі, і ў Лошыцкім яры іх расстрэльвалі. Па дадзеных Зянона Пазьняка, у Лошыцкім яры было расстраляна каля 10 тысяч чалавек.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота belsat.eu