У Менску праходзіць пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў СНД
Сёння ў „Прэзідэнт-гатэлі” ў Менску праходзіць чарговае пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў (СМЗС) СНД.
Паводле інфармацыі беларускага МЗС, сем краін (Арменія, Казахстан, Кыргызстан, Расея, Таджыкістан, Узбекістан і Беларусь) будуць прадстаўленыя на пасяджэнні міністрамі, Азербайджан і Туркменістан — намеснікамі кіраўнікоў МЗС, Малдова — паслом у Беларусі, які таксама з’яўляецца пастаянным прадстаўніком краіны пры статутных органах СНД.
Украіна не ўдзельнічае ў сённяшнім пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў СНД.
У парадак дня сустрэчы ўключаныя 12 пытанняў, якія тычацца супрацоўніцтва ў палітычнай, эканамічнай, культурнай і адукацыйнай сферах, узаемадзеяння паміж знешнепалітычнымі ведамствамі краін СНД. Кіраўнікі дэлегацый, у прыватнасці, разгледзяць праекты пагаднення аб супрацоўніцтве ў барацьбе са злачынствамі ў сферы інфармацыйных тэхналогій, міждзяржаўнай праграмы сумесных мер барацьбы са злачыннасцю на 2019—2023 гады, палажэнні аб з’ездзе настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў СНД. Плануецца таксама разгледзець праект пагаднення аб міжнародным маладзёжным праекце краін Садружнасці „100 ідэй для СНД”.
Прыярытэтная ўвага будзе нададзеная пытанням бяспекі, барацьбы са злачыннасцю і супрацьдзеянні міжнароднаму тэрарызму, а таксама каардынацыі дзейнасці праваахоўных органаў дзяржаў — удзельніц СНД.
Па выніках пасяджэння плануецца прэс-канферэнцыя з удзелам міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея, старшыні СМЗС СНД — міністра замежных спраў Таджыкістана Сіраджыдзіна Аслова і выканаўчага сакратара Садружнасці Сяргея Лебедзева.
Фота twitter.com/BelarusMID