Анатоль Лябедзька: Рашэнні будуць прымацца ў Крамлі, а не ў Менску



У Менску праходзіць чарговая сустрэча кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне ў фармаце Украіна — Расея — АБСЕ — сепаратысты Данбаса.

Ці дамовяцца бакі на гэты раз пра спыненне вайны? Якіх вынікаў варта чакаць ад сустрэчы? Сваё меркаванне з гэтай нагоды выказвае лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Нагадаем, папярэдняе пасяджэнне кантактнай групы адбылося ў Менску 1 верасня. Украінскі бок на ім прадстаўляў былы прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, расейскі — пасол РФ у Кіеве Міхаіл Зурабаў, АБСЕ — афіцыйны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ па пытаннях урэгулявання сітуацыі ва Украіне Адэльхейд Тальявіні, самаабвешчаныя Данецкую і Луганскую народныя рэспублікі — Андрэй Пургін і Аляксей Каракін адпаведна, піша БелаПАН.

Мяркуецца, што ў гэтым жа складзе пасяджэнне групы пройдзе і сёння. Яго ўдзельнікам павінны быць прадстаўлены планы па ўрэгуляванні ваеннага канфлікту на паўднёвым усходзе Украіны, прапанаваныя ўкраінскім прэзідэнтам Пятром Парашэнкам і яго расейскім калегам Уладзімірам Пуціным.

Анатоль Лябедзька: На што здольныя менскія перамовы, дык гэта вырашаць нейкія дробныя пытанні і праблемы. Напрыклад, абмен палоннымі, фармаванне гуманітарных калідораў альбо абмен інфармацыяй. Але ж узровень перамоўшчыкаў не такі, каб ставіць у павестку дня глабальныя пытанні міру ва Украіне. Такія рашэнні будуць прымацца ў Крамлі, а не ў Менску. Барадатыя сепаратысты, што прызджаюць з Украіны – гэта ўсё-такі не Пуцін.

РР: Адным словам, спадзяванні на сёняшнюю сустрэчу невялікія?

Анатоль Лябедзька: Мне так падаецца. Можа быць, дамовяцца на нейкі час спыніць агонь, але мы ўжо былі сведкамі, калі тэлефонныя дамовы Пуціна і Парашэнкі не выконваліся, і людзі працягвалі гінуць. Для заканчэння вайны трэба, каб Пуцін пагадзіўся з наступным. Першае – Украіна інтэгруецца ў Еўразвяз. Другое – Украіна ўваходзіць у НАТА. Трэцяе – Украіна становіцца альтэрнатывай развіцця на постсавецкай прасторы. Вось ці гатовы Крэмль сказаць “так” па ўсіх гэтых пытаннях? Калі не гатовы, то гэта азначае, што ў той ці іншай форме супрацьстаянне (палітычнае, ваеннае, міжнароднае) захаваецца. Сёння Данбас выконвае функцыі інструмента для Крамля, каб не дапусціць рэалізацыю гэтых трох пунктаў.

РР: А як вам пуцінскі план урэгулявання сітуацыі, які складаецца з сямі пунктаў?

Анатоль Лябедзька: Калі прааналізаваць план, то бачна, што ў ім закладваецца ўмацаванне так званых “ДНР” і “ЛНР”, але не вырашае, напрыклад, пытанне закрыцця расейска-ўкраінскай мяжы, праз якую ідуць велізарныя патокі зброі, ваенных фармаванняў, вывозяць абсталяванне з заводаў. Усё гэта захоўваецца. Таму план, які прапанаваў Пуцін, усё-такі план кансервацыі таго, што ёсць. Нейкая перадышка, каб умацаваць сепаратыстаў, а не вырашыць пытанне міру.

РР: Ці пойдзе Кіеў на тое, каб Луганская і Данецкая вобласці атрымалі аўтаномію?

Анатоль Лябедзька: Зараз Расея прапануе інструмент, каб не адпусціць Украіну ад сябе. Калі б Крэмль пайшоў на анэксію гэтых абласцей, то астатняя Украіна сышла б канчаткова ад Расеі. Чаму Маскве важна захаваць для абласцей статус федэральных тэрыторый з захаваннем шырокіх паўнамоцтваў? Каб не адпусціць Украіну і не даць ёй вырашыць тыя тры пытанні, пра якія я казаў. Вобласці фармальна будуць лічыцца ўкраінскай тэрыторыяй, але ў іх будзе права вета на шэраг пытанняў. У тым ліку, уступаць у НАТА альбо не. Вось скажуць Луганск і Данецк “не”, і Украіна мусіць заставацца на месцы. Я думаю, што на такія ўмовы Кіеў ніяк не пагадзіцца, бо яны не дадуць рэалізаваць тыя стратэгічныя мэты, дзеля якіх быў і Майдан, і куды вырашыла ісці сама Украіна.

РР: Якія тады шляхі вырашэння канфлікту?

Анатоль Лябедзька: Толькі ў адным – у спыненні расейскай агрэсіі, каб украінцы самастойна рабілі свой выбар і вырашалі пытанні. Зараз вельмі шмат што залежыць ад прынцыповасці і паслядоўнасці міжнароднай супольнасці. Калі яны будуць настойлівымі і ў пытаннях эканамічных санкцый і ў рэальнай фінансавай дапамозе Украіне, ёсць перспектыва, што канфлікт вырашыцца на карысць Украіны.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота image.112.ua