Суд над Дзмітрыем Паліенкам (абноўлена)
Скончылася судовае паседжанне над Дзмітрыем Паліенкам.
Дзяржабвінаваўца Аляксандр Кароль запрасіў для яго 6 гадоў пазбаўлення волі, назваўшы злосным хуліганам. Пацярпелы Аляксей Юрын нечакана сказаў, што не варта даваць Дзмітрыю такі тэрмін, бо той усё асэнсаваў. Адвакатка Паліенкі настойвала на прыпыненні справы, бо няма дастатковых доказаў яго віны.
А сам Дзмітрый Паліенка падчас апошняга слова выступіў з прамовай, падчас якой заявіў, што ў Беларусі не існуе справядлівага суда, і гэта сістэма падобная на тую, якая існавала ў Савецкім Саюзе.
– Нішто ў жыцці не бывае вечным. Таксама, як і гэты тэрмін. Як і дыктатура. Як і ментаўское свавольства. Дык лепей ужо памерці, чым кланяцца перад тымі, для каго грошы, улада і добрая праца вышэй чалавечнасці, праўды і справядлівасці. Калі шчыра, мне агідна і брыдка ўдзельнічаць у гэтым цырку. Але вымушаюць абставіны, і трэба выказацца, каб мяне пачулі. Даруй Бог, каб гэты маскарад хутчэй скончыўся!
Напрыканцы Дзмітрый падзякаваў усім, хто яго прыйшоў падтрымаць, пасля чаго зала грымнула доўгімі апладысментамі. Суддзя і дзяржабвінаваўца падчас гэтага сышлі.
Сярод тых, хто прыйшоў падтрымаць Дзмітрыя – Вячаслаў Касінераў:
– Відавочна, што пракурор не мог звязаць двух слоў. І лінія абвінавачвання збудавана на нейкіх здагадках. Доказаў прамых няма. Абвінавачванне сур’ёзнае. Так увогуле не павінна працаваць правасуддзе. Але мы разумеем, што яго тут няма. І гэта проста помста ў дачыненні да чальца анархічнага руху.
Юрыст Праваабарончага Цэнтра “Вясна” Павел Сапелка таксама згодны з тым, што выступ пракурора быў дрэнны. “Ён не прымусіў мяне паверыць, што Паліенка здзейсніў злачынства. Аналіз доказаў пракурорам быў праведзены павярхоўна”, – адзначыў ён.
На дадзены момант вядома, што рашэнне па справе Паліенкі суд абвесціць 25 кастрычніка ў 12.30.
* * *
У будынку Менскага гарадскога суда а 12-й гадзіне пачалося судовае пасяджэнне над сацыяльным актывістам Дзмітрыем Паліенкам.
Група падтрымкі пачала пляскаць у далоні і скандаваць “Свабоду Паліенку!”, калі таго прывялі ў залу суда. Таксама на судзе знаходзяцца праваабаронцы з ПЦ “Вясна”.
Па-за будынкам суда „Еўрапейская Беларусь” зладзіла пікет, падчас якога ў рупар скандавалася “Свабоду Дзмітрыю Паліенку!”. Кажа Максім Вінярскі:
– Я лічу, што падчас кожнага палітычнага працэсу павінны адбывацца акцыі, павінны людзі патрабаваць уголас на вуліцы, каб было чутно не толькі ў памяшканні суда, каб не толькі там была падтрымка. Каб яны ведалі, што яны не здолеюць здзяйсняць свае злачынствы схаваўшыся пад сваімі чорнымі хламідамі. Вось таму мы і стаім тут.
Суд над Дзмітрыем Паліенкам працягваецца.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск