У Менску вырашаецца лёс Украіны



g_imageАляксандр Лукашэнка прыняў экс-прэзідэнта Украіны Леаніда Кучму, які прыбыў у Менск для ўдзелу ў трохбаковай сустрэчы па ўкраінскай праблематыцы. «Беларусь будзе рабіць усё для нармалізацыі сітуацыі ва Украіне», – заявіў Лукашэнка.

Мы разам з вамі для нашай Украіны будзем рабіць усё самае неабходнае, каб хоць неяк зменшыць накал супрацьстаяння на Усходзе. Мы ў гэтым вельмі зацікаўлены. Для нас гэта жыццёва неабходна і важна. І гэта з пункту погляду Беларусі, а не нейкага там піяру. На крыві піяр ніхто не робіць. Гінуць людзі. Таму вы можаце быць упэўнены: колькі трэба – столькі мерапрыемстваў мы і правядзем.

У сваю чаргу Леанід Кучма заявіў, што зараз вырашаецца лёс Украіны.

Сапраўды, Украіна перажывае зараз не самыя лепшыя часы. Бо ўвогуле стаіць пытанне існавання Украіны. Падзеі апошніх некалькіх месяцаў задаюць больш пытанняў, чым даюць адказы. І, на жаль, адказу няма дагэтуль. Вось таму мы і прыехалі сюды, к вам. З вашай дапамогай будзем імкнуцца знайсці адказы.

На думку Лукашэнкі, у перамоўны працэс павінны далучыцца ўсе – былыя і цяперашні – прэзідэнты Украіны і ўнесці свой уклад у стабілізацыю сітуацыі ў краіне. Напярэдадні прадстаўнікі кантактнай групы па Украіне назвалі ўмовы для спынення агню. Пра гэта паведамляецца ў прэс-рэлізе, размешчаным на сайце АБСЕ. Бакі заявілі пра неабходнасць вызвалення закладнікаў і ўзмацнення кантролю на ўкраінска-расейскай мяжы. Таксама бакі прыйшлі да пагаднення пра спыненне баявых дзеянняў па маршруце місіі АБСЕ да месца крушэння малайзійскага „Боінга” і выдачы рэчаў загінулых.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота panorama.am