У Менску затрыманы Мікалай Казлоў



У Менску затрыманы і змешчаны ў цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў.

Па словах кіраўніцы Менскай гарадской арганізацыі гэтай партыі Аксаны Аляксеевай, старшыню АГП выклікалі 1 сакавіка ў міліцыю Партызанскага раёну па адміністрацыйнай справе за адмову ад дачы падпіскі аб неразгалошванні матэрыялаў крымінальнай справы. Мікалай Казлоў быў тройчы дапытаны ў Следчым камітэце як сведка па крымінальнай справе аб стварэнні Каардынацыйнай рады. І  на ўсіх допытах ён адмовіўся даваць такую падпіску, – нагадала Аксана Аляксеева:

– Адзін раз ужо суд яму даваў 15 сутак. Такіх пратаколаў было складзена тры. Сёння яго выклікалі па чарговым пратаколе. Яго выклікалі ў суд, у пятніцу ён не адбыўся. Сёння яго ізноў выклікалі і адправілі на Акрэсціна, дзе ён будзе знаходзіцца да суда.

А разгляд справы, хутчэй за ўсё, адбудзецца ў сераду, у судзе Партызанскага раёну Менска, – сказала Аксана Аляксеева.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск 

Пастанову аб арышце вынес 18 лютага суд Партызанскага раёна Менска па выніках разгляду пратакола, складзенага на падставе арт 23.4 КоАП (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў).

У Следчым камітэце падчас допытаў (30 снежня, 5 і 11 студзеня) у якасці сведкі ў рамках крымінальнай справы па факце стварэння КР Казлоў адмовіўся даць падпіску аб невыдаванні. На трэцім допыце ў дачыненні да Казлова — былога супрацоўніка міліцыі — быў складзены пратакол паводле арт. 23.4 КоАП.

Пратакол быў упершыню разгледжаны судом 15 студзеня і адпраўлены на дапрацоўку.

belapan.by