У Менску затрыманы Мікалай Статкевіч



Апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч 30 кастрычніка затрыманы каля 20.30 у Менску. Пра гэта БелаПАН паведаміў Мікалай Прыварнікаў — актывіст аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі „Народная Грамада”, лідарам якой з’яўляецца Статкевіч.

Затрыманне адбылося ў раёне станцыі метро „Пушкінская”, калі Статкевіч выходзіў з машыны. Куды павезлі палітыка, пакуль невядома.

Статкевіч на дадзены момант мае не адбыты пяцісутачны арышт за ўдзел у акцыі 8 верасня супраць беларуска-расейскіх ваенных вучэнняў „Захад-2017”.

Ён таксама з’яўляўся адным з ініцыятараў акцый 21 кастрычніка „Марш абураных беларусаў 2.0” супраць сацыяльна-эканамічнай палітыкі ўлад і 29 кастрычніка каля будынка КДБ у Менску ў памяць аб ахвярах сталінскіх рэпрэсій.