У Менску затрымалі Паўла Севярынца і без тлумачэння вызвалілі



Павел Севярынец вызвалены з Савецкага РУУС без тлумачэнняў. Напярэдадні яго асудзілі ў Савецкім раённым судзе Менску на 15 сутак за правядзенне акцыяў у абарону незалежнасці Беларусі 7 і 8 снежня, але неўзабаве адпусцілі.

***

У Менску раніцай 18 снежня затрыманы сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец.

Павел Севярынец каля дома затрымаў АМАП

Gepostet von Вольга Севярынец am Mittwoch, 18. Dezember 2019

«Ён выйшаў з дому, потым патэлефанаваў, што яго бяруць, і некалькі разоў паўтарыў, што яго затрымлівае АМАП», – паведаміла яго жонка Вольга.

Вольга Севярынец мяркуе, што палітыка маглі затрымаць, каб не дазволіць яму ўдзельнічаць у акцыях, якія апазіцыя запланавала на 20 і 21 снежня. Куды павезлі палітыка, яна пакуль не ведае.

17 снежня Павел Севярынец паведаміў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку», што адміністрацыйная справа за яго ўдзел у акцыі пратэсту 7 снежня перададзеная ў суд Фрунзенскага раёна Менска.

Таксама 17 снежня прадстаўнікі апазіцыі апавясцілі Менгарвыканкам аб вулічных акцыях супраць інтэграцыі з Расеяй, якія маюць адбыцца 20 і 21 снежня. Апавяшчэнне гарадскім уладам перадалі Севярынец, а таксама старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў і прадстаўнік грамадскага абʼяднання «Таварыства беларускай мовы» Ян Грыб. У апавяшчэнні пазначаны час пачатку і сцэнары пратэстных акцый.

Пра тое, што 20 снежня ў цэнтры Менска плануецца чарговая акцыя супраць інтэграцыі з РФ, заявілі на прэс-канферэнцыі 16 снежня прадстаўнікі грамадзянскай кампаніі «Абаронім незалежнасць». У аргкамітэт акцыі ўваходзяць прадстаўнікі 15 палітычных партый, грамадскіх абʼяднанняў і рухаў. Было заяўлена, што пасля мітынгу на Кастрычніцкай плошчы плануецца шэсце па цэнтры горада і ў канцы акцыі – жывы ланцуг. Арганізатары таксама паведамілі, што ў іх ёсць план «Б», калі доступ да Кастрычніцкай плошчы будзе абмежаваны. 21 снежня там жа, на плошчы, плануецца мітынг.

Правесці ў сталіцы вулічную акцыю 20 снежня плануюць і прыхільнікі інтэграцыі з Расеяй. Як паведаміў БелаПАН на мінулым тыдні экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валерый Драко, яны накіравалі ў Адміністрацыю прэзідэнта зварот з просьбай дазволіць мітынг у тым жа месцы, дзе маюць намер сабрацца праціўнікі інтэграцыі. Калі адміністрацыя не дасць дазволу, акцыя праводзіцца не будзе, дадаў Драко.

БелаПАН