Затрыманыя карэспандэнты „Настоящего Времени” будуць высланыя з Беларусі (абноўлена)



 Затрыманыя ў Менску карэспандэнты тэлеканала „Настоящее Время” (Чэхія) Ірына Рамалійская, Іван Грабянюк (грамадзяне Украіны) і Юрый Баранюк (грамадзянін Расеі) сёння ўвечары будуць высланыя з краіны, паведаміў канал.

Паводле папярэдняй інфармацыі, затрыманне звязана са „статусам акрэдытацыі журналістаў”.

„Затрыманыя журналісты „Настоящего Времени” прафесійна выконвалі сваю працу па асвятленні выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Тэлеканал „Настоящее Время” своечасова запытаў акрэдытацыю для сваіх журналістаў перад прэзідэнцкімі выбарамі, але яна ім не была дадзеная, — заявіла часовая выканаўца абавязкаў прэзідэнта медыякарпарацыі „Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода” Дэйзі Сіндэлар. — Адмова ўладаў Беларусі своечасова акрэдытаваць нашых журналістаў — яшчэ адзін прыклад пагарджання правамі свабоднай прэсы і правамі грамадзян Беларусі на інфармацыю без цэнзуры”.

„Мы абураныя затрыманнем нашых журналістаў і патрабуем выканання ўладамі прызнанага ва ўсім свеце права журналістаў на ажыццяўленне сваёй прафесійнай дзейнасці”, — сказала Сіндэлар.

Канал некалькі тыдняў асвятляў выбары ў Беларусі і напярэдадні правёў чатырохгадзінны спецэфір з сарванага мітынгу кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. „Толькі ў сацсетках яго паглядзелі больш за паўмільёна разоў”, — адзначае „НВ”.

Тэлеканал накіраваў запыты аб затрыманні сваіх карэспандэнтаў у МУС Беларусі.

* * * 

У гасцініцы „Мінск” на праспекце Незалежнасці ў беларускай сталіцы затрыманыя штатныя карэспандэнты тэлеканала „Настоящее Время” Ірына Рамалійская, Юрый Баранюк і Іван Грабянюк. Іх вязуць у Маскоўскае РУУС, паведаміў тэлеканал. Прычына затрымання пакуль невядомая.

Рамалійская і Грабянюк з’яўляюцца грамадзянамі Украіны, Баранюк — Расеі. Тэлефоны затрыманых, а таксама ўласнага карэспандэнта „НВ” у Беларусі Рамана Васюковіча заблакаваныя.

Канал паведамляе, што ўжо некалькі тыдняў асвятляе выбары ў Беларусі і напярэдадні правёў чатырохгадзінны спецэфір з сарванага мітынгу кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. „Толькі ў сацсетках яго паглядзелі больш за паўмільёна разоў”, — адзначае „НВ”.

Тэлеканал накіраваў запыты аб затрыманні сваіх карэспандэнтаў у МУС Беларусі.

Канал „Настоящее Время” быў створаны медыякарпарацыяй „Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода” пры ўдзеле „Голаса Амерыкі” ў 2016 годзе. Вяшчае з Прагі.

belapan.by

Фота: spring96.org