У Менску з’явіліся „зялёныя чалавечкі”
Чарговая інфармацыя пра з’яўленне расейскіх жаўнераў у Беларусі, якіх народ празваў “зялёнымі чалавечкамі”, з’явілася ў Менску. Па дадзеных шэрагу СМІ, групу салдат з адзнакамі арміі Расейскай Федэрацыі ўдалося сфатаграфаваць на чыгуначным вакзале сталіцы. Гэта ўжо другі зафіксаваны факт прысутнасці расейскіх ваенных па-за межамі базаў. Пра першую сустрэчу з імі яшчэ ў Гомелі ўзгадвае відавочца падзеяў, дэсантнік Андрусь Цянюта:
– У іх былі зялёныя зімовыя шапкі. Я як чалавек, які служыў у беларускім войску, ведаю, што ў нас такіх няма – мы маем шэрыя. Мяне гэты факт здзівіў, таму я вырашыў падысці і спытаць, ці гэта выдаюць нашым такую новую форму. На што яны адказалі, што самі з Расеі, расейскія вайскоўцы, што запланаваны нейкія сумесныя вучэнні, што будзе вайна. Я мяркую, што плануецца наступ на Кіеў.
На фотаздымках, якія выкладзены ў інтэрнэт, бачна, што ў адрозненне ад гомельскіх, менскія жаўнеры мелі з сабой металічныя скрыні з надпісам “вайсковы”. На сакваяжы аднаго з іх можна ўбачыць налепку: “Я проста ветлівы чалавек”.
У сваю чаргу начальнік упраўлення інфармацыі галоўнага ўпралення ідэалагічнай работы Мінабароны палкоўнік Уладзімір Макараў у прэс-цэнтры рэзка выказаўся адносна СМІ, якія распаўсюджваюць інфармацыю пра “зялёных чалавечкаў”.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота “Белсата”