У Менску праходзіць Міжнародная канферэнцыя па бяспецы
Беларусь на двух крэслах – краіна мусіць працягваць манеўраваць паміж Захадам і Масквой, а таксама актыўней бараніць сваю бясьпеку. Так лічаць замежныя эксперты, якія сабраліся на “Менскі дыялог”. Тэма канферэнцыі – “Асэнсаванне міжнароднай бясьпекі Беларусі”.
Лейтматывам сустрэчы стала тое, што Беларусь – малая краіна, якая мусіць сядзець на двух крэслах, каб захаваць свой суверэнітэт. Хаця манеўраваць увесь час не атрымаецца, бо рана ці позна прыйдзецца рабіць геапалітычны выбар. Апошняе, у прыватнасьці, падкрэсьліў мадэратар форуму Глэн Ховард, прэзідэнт Джэймстаўнскага фонду (ЗША). Тым больш, што выклікі бясьпецы будуць ускладняцца ў бліжэйшыя месяцы, – зазначыў Ховард.
Іншы прадстаўнік Джэймстаўнскага фонду Уладзімір Сокар у сваёй прамове ўсхваляў палітыку Лукашэнкі, ставячы яго нават у адзін шэраг з Пілсудскім. У сваю чаргу прафесар з Рэдфардскага ўніверсітэту Грыгоры Ёфэ таксама заявіў, што дзякуючы Лукашэнку Беларусь захавала мір і стабільнасьць.
– У Расеі ёсьць насельніцтва, але няма нацыі. А беларусам не хапае адрознай ад расейцаў ідэнтычнасьці. Тым ня менш, колькасьць беларусаў, згодных на яднаньне з Расеяй, за апошні час значна зьнізілася. Сядзеньне на двух крэслах – гэта не мэтафара нявернасьці, а вельмі важная ўмова для нацыянальнага выжываньня.
Нямецкі погляд на бясьпеку Беларусі прэзентаваў Вольфганг Зэндэр, праграмны дырэктар па Беларусі Фонду імя Адэнаўра. Ён зьвярнуў увагу на тое, што Расея павялічвае ваенную прысутнасьць ля межаў Беларусі.
– Сьпіраль узбраення вакол Беларусі будзе раскручвацца й надалей. Аднак Захад і Расея не павінныя ўключаць Беларусь у канфрантацыю, бо гэта не ў іх інтарэсах. Беларусь – не буферная зона, а суб’ект са сваімі мэтамі. Уладам краіны трэба значна актыўней бараніць свой суверэнітэт і зьвяртацца з канкрэтнымі прапановамі да краінаў Захаду.
Прамова намесьніка міністра замежных справаў Беларусі была даволі дзяжурнай. Валянцін Рыбакоў падкрэсьліў, што не Беларусь мяняецца, а мяняецца погляд на яе з боку Захаду пад уплывам канфліктаў кшталту Данбаскага. Хоць, на думку экспертаў, тыя ж назіральнікі – Брусэль і Вашынгтон – якраз і чакаюць зьменаў у беларускім клімаце. У кулуарах прадстаўнік МЗС патлумачыў:
– Калі мы гаворым, што яна не мяняецца, мы гаворым пра тое, што мы не адходзім ад нейкіх сваіх фундаментальных прынцыпаў. У нас ёсць нацыянальныя інтарэсы, якія мы будзем працягваць бараніць. Зразумела, нейкія эвалюцыйныя змены, новыя падыходы да рашэння эканамічных праблем, вырашэння новых пагроз і выклікаў, якія ўзнікаюць, будуць. Няхай ад нас чакаюць чаго заўгодна, мы будзем рабіць тое, што трэба і выгадна Рэспубліцы Беларусь і беларускаму народу.
Гаворачы пра візавую лібералізацыю паміж Беларуссю і Еўразвязам, Валянцін Рыбакоў зазначыў, што праца працягваецца:
– Візавае пытанне часам людзей палохае. Хоць на самой справе мы зрабілі вельмі шмат для таго, каб гэты візавы рэжым максімальна спрасціць і змякчыць.
Беларусь манеўруе і тым самым бароніць сваю бясьпеку. Так у асноўным лічаць замежныя эксперты, якія сабраліся на “Менскі дыялёг”. Відавочная небясьпека з боку Расеі па-ранейшаму афіцыйна не прызнаецца, – заўважае удзельнік форуму, палітоляг Валер Карбалевіч:
– Хоць у некаторых выступах Лукашэнкі яна вельмі дыпламатычна абгаворана. Той факт, што па новай ваеннай дактрыне “гібрыдная вайна” з’яўляецца адным з фактараў небяспекі, а “гібрыдную вайну” сёння ў нашым рэгіёне вядзе толькі Расея.
Арганізатары канферэнцыі зазначаюць, што дзякуючы пасьпяховай зьнешняй палітыцы Беларусь захавала стабільнасьць і стала перамоўнай пляцоўкай для вырашэньня канфліктаў. Валер Карбалевіч каментуе гэтую тэзу:
– Уся праблема ў тым, што называць посьпехам. З аднаго боку, сапраўды, Беларусь паступова выходзіць з міжнароднай ізаляцыі, у якой яна была шмат гадоў у рамках канцэпцыі інтэграцыі Беларусі і Расеі. Зараз нармалізуюцца адносіны з Захадам. А з іншага боку, эканамічныя праблемы замежная палітыка вырашыць не дапамагла.
Журналістаў пусьцілі толькі на першую сесію канферэнцыі ў межах “Менскага дыялогу”. Наступныя дзьве пройдуць у закрытым фармаце. Заўтра з удзельнікамі форуму сваім досьведам ў сферы зьнешняй палітыкі падзеляцца прадстаўнікі Грузіі ды Галяндыі. Гэтыя краіны таксама пазіцыянуюцца як малыя суб’еты паміж буйнымі цэнтрамі сілы.
Стас Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота БелТА