У межах крымінальнай справы акрамя Ціханоўскага затрыманыя шэсць чалавек



 У межах справы па факце гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі (арт. 364 КК) 29 мая ў Гародні акрамя Сяргея Ціханоўскага затрыманыя шэсць чалавек, паведамляе праваабарончы сайт spring.96.org.

Блогер папулярнага youtube-канала „Краіна для жыцця” Сяргей Ціханоўскі і яшчэ як мінімум 15 грамадзян былі затрыманыя ўвечары 29 мая ў Гародні падчас пікета па зборы подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатам у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.

30 мая МУС паведаміла пра адкрыццё крымінальнай справы па факце гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, удзел у якім нібыта ўзяў Ціханоўскі і іншыя затрыманыя. Ціханоўскі і яго прыхільнікі знаходзяцца ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама на Акрэсціна.

Праваабаронцы публікуюць спіс затрыманых у межах гэтай крымінальнай справы: Сяргей Ціханоўскі, Яўген Разнічэнка, Дзмітрый Кучараў, Уладзімір Навумік, Вяргілій Ушак, Сяргей Калмыкоў, Аляксандр Арановіч (верагодна).

Увечары 1 чэрвеня стала вядома пра вобыск у гарадзенскай кватэры аднаго з затрыманых — Уладзіміра Навуміка. У яго канфіскаваныя ноўтбук і флэш-карты. Не выключана, што вобыскі пройдуць і ў іншых затрыманых па справе.

Акрамя таго, 1 чэрвеня стала вядома аб затрыманні ўдзельнікаў каманды праекта „Краіна для жыцця” Арцёма Сакава і Канстанціна Сярогіна. Паводле папярэдняй інфармацыі, Сярогіна пазней адпусцілі, а Сакаў затрыманы Ленінскім аддзелам унутраных спраў Гродна на трое сутак у межах крымінальнай справы, якой менавіта — пакуль невядома.

31 мая чатыры праваабарончыя арганізацыі Беларусі абвясцілі Сяргея Ціханоўскага палітычным зняволеным. Праваабаронцы запатрабавалі ад уладаў неадкладна вызваліць блогера і спыніць яго крымінальны пераслед.

belapan.by