У Мілане пачынаецца форум „Еўропа-Азія”



У сустрэчы возмуць удзел лідары еўрапейскіх і азіяцкіх краін, у тым ліку прэзідэнт Расеі. Уладзімір Пуцін сустрэнецца між іншым з Ангелай Меркель, а заўтра – з Пятром Парашэнкам. Аналітыкі заяўляюць, што галоўнай тэмай саміту стане будучыня стасункаў Масквы з Захадам пасля расейскай агрэсіі ва Украіне. Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі звяртае ўвагу на тое, што менавіта Украіна прымае ўдзел у саміце ўпершыню:

– Безумоўна, гэтае пытанне тым ці іншым чынам будзе адлюстроўвацца на гэтых мерапрыемствах. Дарэчы будзе сустрэча паміж Пуціным і Парашэнкам. Я б так пытанне не ставіў: Расея і Азія. Украіна прысутнічае. На гэта трэба звярнуць увагу. Украіна, я нагадаю, буйнейшая ў Еўропе краіна па тэрыторыі.

На думку аднаго з лідараў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Віталя Рымашэўскага, Пуцін на саміце захоча паўплываць на еўпарейскіх лідараў, на прыклад у пытанні змякчэння санкцый:

– Будзе выкарыстоўваць увесь інструмент лабісцкіх структур на Захадзе. Але, я перакананы, што ў гэтым ён не дасягне поспеху. І тое, што зараз адбываецца, напрыклад, з коштамі на нафту, – за гэтым таксама стаіць і палітычная падтрымка,  і палітычная лінія заходняга свету.

З пачатку тыдня Расея ўжо пачала дыпламатычную кампанію супраць санкцый. Варта адзначыць, што Уладзімір Пуцін знаходзіцца з афіцыйным візітам у Заходняй Еўропе толькі ў другі раз пасля расейскага ўварвання ў Крым.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя

Фота vesti.ru