У Мінэканомікі абмеркавалі ўдзел Беларусі ва Усходнім партнёрстве



Удзел Беларусі ў ініцыятыве Еўрасаюза „Усходняе партнёрства” абмеркавалі 22 мая ў Менску намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Матусевіч і дэлегацыя паслоў па асаблівых даручэннях па справах Усходняга партнёрства 12 краін — членаў ЕС.

Бакі разгледзелі „актуальныя пытанні ўзаемадзеяння Беларусі і ЕС у межах другой платформы Усходняга партнёрства „Эканамічнае развіццё і рынкавыя магчымасці”, адзначылі ў Мінэканомікі. Абмеркаваныя таксама перспектывы ўдзелу ведамства ў працы іншых галіновых платформаў УП і магчымых сумесных праектаў.

Дэлегацыю прадстаўлялі паслы па асаблівых даручэннях Польшчы, Нідэрландаў, Швецыі, Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Літвы, Румыніі, Славакіі, Славеніі і Фінляндыі. У межах двухдзённага візіту дыпламаты таксама сустрэліся з кіраўніком МЗС Уладзімірам Макеем і намеснікам старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Баляславам Пірштуком.

belapan.by