У Менску дамовіліся пра спыненне агню на Данбасе, бо пачатак навучальнага года



Трохбаковая кантактная група па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны паводле вынікаў пасяджэння ў Менску 22 жніўня прыняла заяву аб спыненні агню ў зоне канфлікту ў сувязі з пачаткам навучальнага года.

„Трохбаковая кантактная група пры ўдзеле прадстаўнікоў асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей Украіны пацвярджае сваю поўную прыхільнасць бестэрміноваму спыненню агню ў сувязі з пачаткам навучальнага года пачынаючы з нуля гадзін адной хвіліны 29 жніўня 2018 года”, — гаворыцца ў заяве.

Бакі абавязаныя зрабіць усе неабходныя захады для забеспячэння ўстойлівасці рэжыму спынення агню, а таксама арганізаваць надзейны і бяспечны доступ спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ для працы на ўсёй тэрыторыі Украіны.

„Сёлета мы назіраем самае спакойнае лета з пачатку канфлікту”, — заявіў журналістам паводле вынікаў сустрэчы спецпрадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ Марцін Сайдзік.

Згодна з яго словамі, з пачатку жніўня на Данбасе не зафіксавана ніводнай смерці сярод цывільнага насельніцтва ў выніку канфлікту, аднак ёсць звесткі аб трох раненнях.

Кажучы пра абвешчанае перамір’е, Сайдзік падкрэсліў: „Я асабіста звяртаюся да бакоў і спадзяюся, што яны выкажуць падтрымку гэтаму рашэнню на вышэйшым палітычным узроўні”.

 
belapan.by