У Менску праходзяць чарговыя перамовы па Украіне



У Менску пачаўся чарговы раўнд перамоў па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны.

Як паведамляе ў „Твітэры” МЗС Беларусі, перамовы пачаліся са сустрэч падгруп трохбаковай кантактнай групы. Сустрэчы ў комплексе „Дыпсэрвіс-хол” традыцыйна праходзяць у закрытым для СМІ рэжыме. Затым тут пачнецца пасяджэнне кантактнай групы.

Папярэдні раўнд перамоў адбыўся ў беларускай сталіцы 21 жніўня. Паводле яго вынікаў спецпрадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ Марцін Сайдзік заявіў, што бестэрміновае перамір’е на Данбасе, уведзенае 21 ліпеня, з’яўляецца самым дзейсным з заключаных раней. Паводле звестак Спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ, сярод грамадзянскіх асоб не было загінулых, але адзін чалавек атрымаў раненне.

Украінскі бок у падгрупе па палітычных пытаннях на мінулых перамовах прадстаўляў дыпламат Валерый Грабянюк замест звольненага 13 жніўня Рамана Бяссмертнага.

БелаПАН