У МУС Германіі расказалі пра схему „беларускага транзіту” мігрантаў



У выніку апытанняў нелегалаў у нямецкіх праваахоўных органаў склалася дастаткова дакладнае ўяўленне пра тое, як менавіта працуе „беларускі транзіт”, паведамляе Deutsche Welle.

Уцекачы прыбываюць у Беларусь па паветры — у іх памежныя штампы, пастаўленыя ў менскім аэрапорце, і часта ёсць 30-дзённая віза. Перад ад’ездам „кліент” загадзя пераводзіць ад 4 да 12 тысяч долараў на дэпазітны рахунак. 

У Менску, у залежнасці ад набытага пакета паслуг, „турыста” альбо адвозяць у гатэль, альбо адпраўляюць у залу чакання. Калі назбіраецца група, адвозяць да заходняй мяжы. 

Ужо на польскім баку ўцекачы з дапамогай геа-лакацыі ў смартфоне вызначаюць месца-знаходжанне чалавека, які павязе іх далей на захад. На грузавым фургоне у кузаў якога набіваецца па 30-40 чалавек, бежанцаў вязуць да мяжы з Германіяй. 

Апошні этап — польска-нямецкая мяжа. Яе пераходзяць і пешшу, і на таксі, і на грамадскім транспарце. Напрыклад, на гарадскім аўтобусе, які ходзіць з польскага горада Слубіцэ ў нямецкі Франкфурт-на-Одэры. 

Ужо на нямецкім баку ўцекачы робяць сэлфі ў якасці доказу паспяховага прыбыцця ў Нямеччыну. Толькі пасля гэтага арганізатар „падарожжа” атрымлівае грошы з таго самага дэпазітнага рахунку.

Паводле звестак Федэральнага ведамства па справах міграцыі і бежанцаў Нямеччыны, з пачатку года гэтым маршрутам у краіну прыбыло ўжо звыш шасці тысяч шукальнікаў прытулку, прычым больш за пяць з паловай тысяч — пачынаючы са жніўня.