У МУС не сталі каментаваць інфармацыю аб звароце па дапамогу да Мінабароны
У Міністэрстве ўнутраных спраў не змаглі пацвердзіць або абвергнуць інфармацыю аб тым, што ведамства звярталася ў Міністэрства абароны, каб прыцягнуць вайскоўцаў для аховы дзяржаўных аб’ектаў у выпадку масавых беспарадкаў.
15 сакавіка шэраг тэлеграм-каналаў апублікаваў копію дакумента, адрасаванага кіраўніку Мінабароны Віктару Хрэніну, з подпісам міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова. У ім МУС просіць прыцягнуць 3.725 вайскоўцаў да аховы значных аб’ектаў пры ўвядзенні ўзроўняў пагрозы масавых беспарадкаў. Адзначаецца, што ў Менску спатрэбіцца не менш за 1.360 вайскоўцаў, у тым ліку 100 — сіл спецыяльных аперацый, а ў выпадку ўсталявання рэжыму надзвычайнага становішча — не менш за 2.680.
„Задзейнічанне Узброеных сіл дазволіць сканцэнтраваць намаганні органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў МУС на непасрэдным спыненні групавых парушэнняў грамадскага парадку і масавых беспарадкаў”, — гаворыцца ў дакуменце.
Адзначаецца, што Узброеныя сілы могуць прыцягвацца пры ажыццяўленні дзяржаўнага рэагавання ў выключных выпадках для папярэджання і спынення масавых беспарадкаў, а таксама забеспячэння рэжыму надзвычайнага становішча.
У МУС не змаглі пракаментаваць выкладзеную ў дакуменце інфармацыю. „Мы пакуль не валодаем інфармацыяй па гэтым дакуменце. Ні аб чым вам паведаміць не магу”, — заявіла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік ведамства Вольга Чамаданава.
Атрымаць каментар у Міністэрстве абароны пакуль не ўдалося.
Аб сапраўднасці дакумента заявіла ініцыятыва ByPol, якая аб’ядноўвае былых супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Тэлеграм-канал ініцыятывы паведамляе, што апошнія паўтара месяца праходзіць маштабная падрыхтоўка сіл МУС і Мінабароны да задушэння вулічных акцый, прымеркаваных да Дня Волі.
„З лютага вучэнні праводзяцца на пастаяннай аснове: спачатку ва ўнутраных войсках, затым да іх падключалі АМАП, тэрытарыяльныя АУС і Узброеныя сілы, — гаворыцца ў паведамленні. — Увесь Мінскі гарнізон бліжэй да дваццатых чысел сакавіка плануюць сабраць на „баявыя зборы” на аэрадроме ў Ліпках, якія будуць праходзіць аж да 28 сакавіка”.
Паводле звестак ByPol, 25 сакавіка Узброеныя сілы ў поўнай баявой выкладцы плануюць выкарыстоўваць для аховы адміністрацыйных будынкаў „з мэтай вызвалення ўсіх супрацоўнікаў органаў унутраных спраў для задзейнічання іх у сілавых акцыях супраць мірных дэманстрантаў”.
„Акрамя таго, мясцовым органам улады негалосна аддадзена распараджэнне не ўзгадняць ніякіх заявак па правядзенні мерапрыемстваў, звязаных са святкаваннем Дня Волі”, — гаворыцца ў паведамленні ініцыятывы.
Традыцыйна Дзень Волі дэмакратычная грамадскасць адзначае 25 сакавіка — у гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Заяўку на правядзенне прымеркаванага да гэтага дня масавага мерапрыемства 9 сакавіка падалі ў Мінгарвыканкам Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), грамадскае аб’яднанне „БНФ „Адраджэньне” і рух „За Свабоду”.
Фота: МУС Беларусі / Youtube