У МЗС Беларусі выкліканы пасол Польшчы



МЗС Беларусі 12 сакавіка выступіў з крытыкай нядаўняга рашэння польскага Інстытута нацыянальнай памяці, які перагледзеў вынікі дзейнасці ў першыя гады пасля Другой сусветнай вайны так званых „праклятых салдат” пад кіраўніцтвам Рамуальда Райса, вінаватых у масавых забойствах этнічных беларусаў.

„Злачынца, які асабіста аддаваў загады і ўдзельнічаў у забойстве мірных жыхароў беларускіх вёсак на Падляшшы, не можа быць абелены ні ў вачах беларусаў, ні ў гістарычнай памяці іншых разумных людзей. Польскімі навукоўцамі сабрана дастаткова доказаў яго злачынстваў. На аснове фактаў, а не тэарэтычных разважанняў зроблены адпаведныя высновы следства камісіі Інстытута нацыянальнай памяці ў 2005 годзе. Трэба мець сталасць і смеласць, каб гэта прызнаць”, — гаворыцца ў каментары прэс-сакратара МЗС Анатоля Глаза, апублікаваным на сайце знешнепалітычнага ведамства.

„Нашу асаблівую заклапочанасць выклікаў адкрыты цынізм асобных польскіх „даследчыкаў”, на высновы якіх абапіраецца заява Інстытута нацыянальнай памяці. У прыватнасці, у яго апраўданне яны канстатуюць, што „Буры”(мянушка Райса. — БелаПАН.) меў магчымасць „спаліць не пяць, а значна больш беларускіх вёсак у павеце Бельск-Падляшскі”, — заявіў Глаз.

У сувязі з гэтым беларускі бок чакае ад уладаў Польшчы „публічных афіцыйных каментароў наконт таго, ці з’яўляецца такая ацэнка дзеянняў „Бурага” афіцыйным пунктам гледжання і наколькі гэта суадносіцца з захадамі па выбудоўванні дыялогу, у тым ліку гістарычнага, якія былі зроблены бакамі ў апошні час”. Для дачы тлумачэнняў у МЗС выкліканы пасол Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі.

На мінулым тыдні Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы, у якім нядаўна змянілася кіраўніцтва, паведаміў аб пераглядзе ацэнак дзеянняў атрадаў пад кіраўніцтвам Райса, якіх прынята называць „праклятымі салдатамі”, і апраўданні іх дзеянняў. Раней яны былі прызнаныя ваеннымі злачынцамі, у тым ліку на міжнародным узроўні.

23 лютага ў горадзе Гайнаўка непадалёк ад беларускай мяжы польскія нацыяналісты правялі марш памяці „праклятых салдат”, які ўжо стаў штогадовым. Акцыя выклікала як сімпатыі, так і пратэсты мясцовых жыхароў. Сёлета шэсце было забаронена мясцовымі ўладамі, аднак пасля дазволена судом. Каментуючы намер правесці марш, у МЗС Беларусі заявілі, што шкадуюць пра гэта.

Як паведамлялася, у лютым падчас візіту ў Польшчу старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч наведаў вёску Заляшаны, дзе пахаваныя беларусы, якія загінулі ў 1946 годзе ад рук польскіх ваенных злачынцаў пад камандаваннем Райса. Спікер адзначыў, што „разбуральныя войны і канфлікты мінулага стагоддзя навучылі беларусаў рабіць усё магчымае, каб захаваць мір і спакой, развіваць дыялог і ўзаемадзеянне, не дапускаць канфрантацыі”.

belapan.by