У МЗС Францыі абмеркавалі беларускае пытанне
Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына ў межах візіту ў Парыж 5-6 лістапада правяла шэраг сустрэч у Міністэрстве замежных спраў Францыі, паведамляе прэс-служба беларускага пасольства ў гэтай краіне.
На перамовах з дзяржаўным сакратаром МЗС Францыі па еўрапейскіх справах Арлемам Дэзірам бакі абмеркавалі пытанні ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Еўразвязам у кантэксце далейшай нармалізацыі адносінаў. Французскі дыпламат адзначыў пазітыўныя змены, што адбыліся ў клімаце адносінаў паміж Беларуссю і ЕЗ апошнім часам, падкрэсліўшы, што „Беларусь – важны партнёр для ЕЗ, які робіць унёсак у стабільнасць у рэгіёне”.
Бакі з задавальненнем адзначылі актывізацыю двухбаковых беларуска-французскіх адносінаў у эканамічнай і палітычнай сферах, пашырэнне кантактаў паміж беларускімі і французскімі прадпрыемствамі.
Купчына і Дэзір зрабілі акцэнт на прыярытэтнасці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Францыяй і Беларуссю.
Падчас сустрэчы адбылося абмеркаванне пытанняў падрыхтоўкі другога пасяджэння сумеснай беларуска-французскай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве і II Беларуска-французскага бізнес-форуму, правядзенне якіх запланаванае на сакавік 2016 года ў Парыжы.
Французскі бок адзначыў важнасць прадстаўлення Беларуссю нацыянальнага ўнёску ў межах падрыхтоўкі шматбаковага пагаднення па клімаце.
Падчас сустрэчы з дырэктарам дэпартамента кантынентальнай Еўропы МЗС Францыі Фларанс Манжан бакі падрабязна абмеркавалі шырокі пералік пытанняў двухбаковага парадку дня ў кантэксце актывізацыі беларуска-французскіх адносінаў у палітычнай, эканамічнай і культурнай сферах.