У МЗС Расеі быў выкліканы беларускі пасол у Маскве Уладзімір Сямашка
У сувязі з арыштам 33 расейскіх грамадзян, а таксама „для грунтоўнай размовы аб стане і перспектывах двухбаковых расейска-беларускіх адносін” 3 жніўня ў МЗС РФ быў запрошаны беларускі пасол у Маскве Уладзімір Сямашка.
„З расейскага боку было заяўлена, што арышт расейскіх грамадзян, здзейснены на беспадстаўных і надуманых падставах, не адпавядае духу брацкіх саюзніцкіх адносін паміж дзвюма краінамі і народамі. Расія ніколі не ўмешвалася і не збіраецца ўмешвацца ва ўнутраныя працэсы іншых дзяржаў, тым больш у Беларусі, якая з’яўляецца нашым найбліжэйшым сябрам і саюзнікам. Настойваем на аб’ектыўным расследаванні беларускімі партнёрамі ў цесным узаемадзеянні з расійскімі калегамі ўсіх абставінаў таго, што адбылося, і як мага больш хуткім вызваленні затрыманых расійскіх грамадзян”, — гаворыцца ў паведамленні расійскага знешнепалітычнага ведамства.
Аб затрыманні ў ноч на 29 ліпеня пад Мінскам 32 баевікоў замежнай прыватнай ваеннай кампаніі (ПВК) паведамілі беларускія дзяржаўныя СМІ. Пазней з’явілася ўдакладненне, што гаворка ідзе пра т.зв. расійскую прыватную ваенную кампанію Вагнера, акрамя таго, на поўдні краіны быў затрыманы яшчэ адзін чалавек. Украіна мае намер патрабаваць выдачы 28 з 33 затрыманых у Беларусі асоб, якія прыбылі з тэрыторыі Расіі. Пры гэтым дзевяць чалавек украінскі бок лічыць сваімі грамадзянамі.
Кіраўнік Следчага камітэта Беларусі Іван Наскевіч заявіў вузкаму колу журналістаў, што грамадзяне Расійскай Федэрацыі з прыватнай ваеннай кампаніі заключаны пад варту, яны даюць супярэчлівыя паказанні аб сваім маршруце. „Галоўным следчым упраўленнем цэнтральнага апарата Следчага камітэта працягваецца актыўная фаза расследавання крымінальнай справы, распачатай 29 ліпеня па арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК (падрыхтоўка да масавых беспарадкаў). Падазраванымі па гэтай крымінальнай справе прызнаныя 33 грамадзяніны Расійскай Федэрацыі, і яны затрыманыя”, — сказаў Наскевіч.
Паводле яго слоў, 31 ліпеня ў дачыненні да затрыманых „следствам абраная і пракурорам санкцыянаваная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту”, „яны ўсе дапытаныя ў прысутнасці адвакатаў”.
„Падчас допытаў яны даюць самыя супярэчлівыя паказанні. У прыватнасці, пра тое, што група нібыта мела намер вылецець з Мінска ў Стамбул, кажуць менш за палову людзей. Астатнія называюць зусім іншыя пункты канчатковага візіту, іншыя краіны”, — адзначыў кіраўнік СК.
Тыя, хто сцвярджаў, што збіраецца ляцець у Турцыю, называюць „розныя мэты трапляння ў гэтую краіну”. „Хтосьці ляцеў загараць, хтосьці ляцеў адпачываць, хтосьці — ахоўваць нейкія аб’екты, нібыта агледзець сабор Святой Сафіі. Пытанняў адносна мэт і задач з’яўлення гэтых 33 чалавек у Рэспубліцы Беларусь, вядома, узнікае ўсё больш і больш”, — заявіў Наскевіч.
Фота: udf.by