У „народным галасаванні” ў Баранавічах перамог Губарэвіч
У галасаванні за адзінага кандыдата ад апазіцыі ў Баранавічах перамог кіраўнік руху „За Свабоду” Юрый Губарэвіч, паведамілі БелаПАН у прэс-службе руху.
Усяго на сустрэчы зарэгістраваліся 79 чалавек, атрымалі бюлетэні 75, прагаласавалі 74. Галасы размеркаваліся наступным чынам: Юрый Губарэвіч — 47, в.а. старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Мікалай Казлоў — 14, сустаршыня аргкамітэта „Беларускай хрысціянскай дэмакратыі” (БХД) Вольга Кавалькова — 8. Прызнаныя несапраўднымі 5 бюлетэняў.
Штаб праймерыз абвясціў пра спыненне паездак у рэгіёны з 18 сакавіка па 2 красавіка ў сувязі з пагрозай распаўсюджвання каронавіруса.
16 сакавіка аб выхадзе з праймерыз заявіў сустаршыня аргкамітэта БХД Павал Севярынец. Сваё рашэнне ён патлумачыў адсутнасцю рэакцыі арганізатараў на масавы, на яго думку, удзел прадстаўнікоў уладаў у галасаванні, а таксама нежаданнем спыняць паездкі па рэгіёнах з прычыны распаўсюджвання каранавіруса.
17 сакавіка аб выхадзе з праймерыз абвясціў намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Асноўнай прычынай ён назваў разбурэнне адзінства паміж арганізацыямі, якія падпісалі пагадненне аб выбары адзінага кандыдата. З пагаднення выйшла і Партыя БНФ. З арганізацый-заснавальніц у пагадненні засталіся БСДП (Грамада), АГП, аргкамітэт БХД і рух „За Свабоду”.
Раней працэдура праймерыз прайшла ў Гарадку, Віцебску, Наваполацку, Мёрах, Шаркаўшчыне, Паставах, Лепелі, Бярозе, Брэсце, Драгічыне, Пінску і Століне. У большасці гарадоў са значнай перавагай перамог Севярынец. У апошніх выбарах — у Драгічыне, Пінску і Століне, а таксама раней у Гарадку больш галасоў атрымаў Губарэвіч.
Прэзідэнцкія выбары павінны адбыцца не пазней за 30 жніўня 2020 года.