Ці акрэдытуюць журналістаў Радыё Рацыя і тэлеканалу „Белсат”?
«Чыноўніцкімі фармальнасцямі» назваў віцэ-старшыня дэлегацыі па сувязях з Беларуссю Еўрапейскага парламента Андрэс Мамікінс немагчымасць зарэгістравацца для журналістаў Радыё Рацыя пры Міністэрстве замежных спраў Беларусі. Такое меркаванне ён выказаў у кулуарах семінара «Сітуацыя медыяў у краінах «Усходняга партнёрства» і Расеі», які ў гэтыя дні праходзіць у Бруселі.
— Я ведаю пра гэтую праблему. Фармальна, з гледзішча беларускага заканадаўства, вы — замежнае СМІ. І тое, што вы вяшчаеце па-беларуску, на жаль, у Беларусі нічога не значыць. Вы павінны рэгістравацца, але вас не рэгіструюць. Але гэта той самы чыноўнік, які жыве па інструкцыі: пункт першы — забараніць, пункт другі — забараніць, а калі не хочацца, глядзі пункт першы. Але чыноўнікі ўсё ж прыслухоўваюцца да таго, што адбываецца наверсе. Вы нават не ўяўляеце, што адбывалася ў дзяржапараце Беларусі, калі паведамілі пра рашэнне Лукашэнкі вызваліць палітвязняў. Інструкцыя ў чыноўніка зламалася і трэба гэтую інструкцыю ламаць.
Міхал Янчук, кіраўнік офіса тэлеканалу «Белсат» у Беларусі, не пагаджаецца з такім меркаваннем еўрадэпутата.
— Пытанне акрэдытацыі беларускіх СМІ і ўвогуле сістэмных зменаў у беларускім заканадаўстве, гэта тое пытанне, якое трэба ставіць сёння, з выкарыстаннем таго ціску, які могуць аказаць еўраструктуры на Беларусь, перад беларускімі ўладамі. Пакуль гэты дыялог адбываецца па прынцыпе: возьмем чарговых закладнікаў, выпусцім чарговых закладнікаў — атрымаем пацяпленне з Еўразвязам, а сістэмных зменаў у краіне няма — дык мы заўсёды будзем хадзіць па коле.
Ці знаходзіцца патрабаванне акрэдытацыі Радыё Рацыя і тэлеканала «Белсат» — беларускіх СМІ, якія вядуць вяшчанне з-за мяжы – у спісе патрабаванняў Еўразвяза да беларускіх уладаў, еўрапейскія дыпламаты не агалошваюць. Дагэтуль усе спробы Радыё Рацыя акрэдытавацца пры беларускім МЗС заканчваліся беспаспяхова.
* * *
Шэф рэдактар газеты «Народная воля» Святлана Калінкіна выказвае спадзяванне, што еўрапейскія дыпламаты пры перамовах з беларускімі ўладамі ставяць пытанне пра рэгістрацыю пры Міністэрстве замежных справаў Беларусі. Такое меркаванне яна выказала ў кулуарах семінару па сітуацыі журналістаў ва Усходняй Еўропе, які завяршаецца ў Бруселі.
– Я доўга не магла зразумець, што ўвогуле маюць на ўвазе гэтыя чатары месяцы, якія далі Беларусі, калі прыпынілі санкцыі. Нешта павінна адбыцца, каб яны спыніліся. Я доўга ні ад каго не магла дамагчыся адказу на гэтае пытанне, а потым, на канферэнцыі ў Таліне, міністр замежных спраў Эстоніі рассказала, што ўмовы вельмі простыя. Каб надалей не было палітвязняў. Каб выконвалася свабода сходаў, каб не арыштоўвалі людзей падчас гэтых акцый. А тмаксама свабода СМІ. І прынамсі маецца на ўвазе акрэдытацыя ў Беларусі – і Белсату, і Радыё Рацыя.
Журналісты Радыё Рацыя неаднарозова спрабавалі акрэдытавацца ў Беларусі, але беспаспяхова. Адсутнасць акрэдытацыі давала падставы беларускім уладам выносіць нашым карэспандэнтам буйныя штрафы за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
***
Па словах сустаршыні аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Паўла Севярынца на перамовах Еўрапейскай народнай партыі праблема акрэдытацыі Радыё Рацыя і тэлеканала Белсат былі названыя ў шэрагу прыярытэтных прапановаў для ўнясення ў спіс патрабаванняў Еўразвязу да беларускага рэжыму. «Гэты спіс цяпер у стадыі фармавання,» — кажа Павел Севярынец.
— Шэраг сустрэчаў тычыўся, вядома, патрэбаў беларускага народа. У сітуацыі замарожвання візавых абмежаванняў усе чакаюць, што у лютым Еўразвяз зноў будзе разглядаць гэтае пытанне. У нас пыталіся парадаў па пытанні: «Што павінен зрабіць беларускі рэжым, каб Еўразвяз пайшоў яму насустрач?» Мы гаварылі пра свабодныя і справядлівыя выбары, пра спыненне крымінальных справаў, пераследу і аднаўленне ў правах палітвязняў, пра свабоду СМІ, у тым ліку і Рацыі. Дарэчы там гучалі менавіта Рацыя і Белсат, пытанне акрэдытацыі. А таксама, пра рэгістрацыю палітычных партыяў і арганізацыяў, такіх як БХД, Вясна.
У перамовах у Бруселі таксама прынялі ўдзел старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, намеснік старшыні Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі, а таксама намеснік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя